DW апавядае пра аналіз сытуацыі на рэклямным рынку Беларусі, які зрабілі праваабаронцы.
Два з трох рэклямных ролікаў, якія трансьлююцца на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі, зробленыя ў інтарэсах буйных карпарацыяў з Эўропы і ЗША. Пра гэта сьведчыць аналіз, праведзены нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco — Partnership for Human Rights, якая ўжо больш за дзесяць гадоў займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе праваабаронцаў, распаўсюджаным у сераду, 4 жніўня, экспэрты арганізацыі з 12 па 18 ліпеня назіралі і ацэньвалі рэклямныя блёкі на трох дзяржаўных тэлеканалах: Беларусь 1, ОНТ і СТВ у вячэрні прайм-тайм (з 19 да 22 гадзін). З 874 паказаных рэклямных ролікаў амаль дзьве траціны (63 %) прыйшлося на заходнія кампаніі. Беларускім рэклямадаўцам належыць каля 25 % рэклямы. Астатнія 12 адсоткаў падзялілі паміж сабой кампаніі зь Індыі, Расеі і Турэччыны. Рэклямныя ролікі дэманструюць непасрэдна да, пасьля і падчас палітычных праграмаў і выпускаў навінаў, якія маюць відавочны прапагандысцкі фармат.
Сярод заходніх карпарацый у лідэрах амэрыканскія канцэрны з агульнай доляй 32%. Абсалютным лідэрам тут кампанія Procter & Gamble (ЗША, 100 ролікаў). Далей ідуць Nestlé (Швайцарыя, 79), Mars (ЗША, 44), Henkel (Нямеччына, 43), Colgate-Palmolive (ЗША, 37), Sandoz (Швайцарыя, 35), Coca-Cola (ЗША, 35), PepsiCo ( ЗША, 33), Dr. Theiss Naturwaren (Нямеччына, 32) і Mondelez International (ЗША, 29). Таксама былі паказаныя 82 рэклямныя ролікі кампаніяў Carlsberg (Данія), LʼOréal і Sanofi (абедзьве Францыі), Dolorgiet (Нямеччына), GlaxoSmithKline (Вялікая Брытанія), Śnieżka (Польшча) і Gedeon Richter (Вугоршчына).
«Вось ужо год рэжым Лукашэнкі тэрарызуе ўласнае насельніцтва, нават апошні PR-мэнэджар павінен быў гэта ведаць. Тое, што сусьветныя брэнды, такія як Procter & Gamble, Mars, Henkel, Coca-Cola ці PepsiCo, па-ранейшаму і ў значнай ступені рэклямуюцца прапагандысцкімі каналамі дыктатара, — гэта скандал. Кампаніі, відавочна, клапоцяцца толькі аб сваім прыбытку, катастрафічнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі іх зусім не хвалюе», — упэўнены старшыня нямецкага аддзяленьня Libereco Марка Фібэр. Ён абвінаваціў заходнія карпарацыі ў «маральным банкруцтве».
Праваабаронцы нагадалі злачынную статыстыку непрызнанага кіраўніка Беларусі за апошнія 12 месяцаў: больш за 40 000 арыштаў, прынамсі 1800 дакумэнтаваных паведамленьняў аб катаваньнях і больш за 600 асобаў, прызнаных палітычнымі зьняволенымі. Libereco заклікала ўсе кампаніі з ЭЗ, ЗША, Швайцарыі і Вялікай Брытаніі неадкладна адмовіцца ад паказу рэклямных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах і такім чынам спыніць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 4 жніўня: 2 гады «хіміі» за абразу міліцыянта смайлікам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група кангрэсмэнаў ЗША патрабуе абмежаваць доступ беларускага рэжыму да $1 млрд з МВФ