Як інфармуе тэлеграм-канал «Беларускага дому ва Ўкраіне», Радзівон Батулін выехаў на тэрыторыю Эўразьвязу 14 ліпеня для вырашэньня пытаньняў з дакумэнтамі. Зь першымі навінамі аб сьмерці Віталя Шышова тэрмінова выехаў аўтобусам у Кіеў. Аднак на ўкраінскай мяжы яму заявілі, што ён неўязны. На якой падставе — не ўдакладнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне зьявілася 10 арганізацый дапамогі беларусам-уцекачам. Што пра іх вядома?Паводле ўкраінскіх СМІ, Радзівон Батулін мае грамадзянства Латвіі, выступаў ад гэтай краіны ў прафэсійных баях паводле вэрсіі ММА. Ва Ўкраіну пераехаў у 2016 годзе. Як стала вядома Свабодзе, Радзівон Батулін зьехаў з Украіны ў сярэдзіне ліпеня ў адну з балтыйскіх краін.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне Свабодзе пацьвердзілі забарону на ўезд у краіну Радзівону Батуліну.
«Дзяржаўная памежная служба дзейнічае ў межах сваіх паўнамоцтваў. У выпадку, калі адзін з органаў, які мае на гэта права, пастанаўляе аб забароне ўезду ва Ўкраіну іншаземцу, то Дзяржаўная памежная служба выконвае гэтае рашэньне і забараняе ўезд непасрэдна ў пункце пропуску», — паведаміў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Беларускі дом ва Ўкраіне», кіраўніка якога знайшлі павешанымЯк паведамілі Свабодзе ў Службе бясьпекі Ўкраіны, рашэньне аб забароне Радзівону Батуліну на ўезд ва Ўкраіну было ўхвалена 23 ліпеня «на падставе аргумэнтаваных дадзеных, што гэтая асоба можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».
«Радзівон Батулін вядомы сваімі радыкальнымі поглядамі ды правакацыйнымі дзеяньнямі пад час акцый пратэсту ва Ўкраіне. У часе гэтых акцый, сярод іншага, удалося папярэдзіць спробы радыкала справакаваць сілавыя сутыкненьні з праваахоўнікамі», – удакладніў сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.
У СБУ не ўдакладнілі, якія акцыі меліся на ўвазе. Магчыма мова, пра сутыкненьні ў ліпені 2019 году каля Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны.
Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня, а на наступны дзень яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад дому, у якім ён жыў разам з сваёй дзяўчынай Бажэнай Жолудзь.