Знаёмыя і сябры Віталя Шышова трымалі ягоныя фатаздымкі, кветкі, дзяліліся ўспамінамі пра яго, а пазьней запалілі фаеры ў бел-чырвона-белых колерах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Садраная скура на носе, на левым калене». Украінская паліцыя расьсьледуе дзьве вэрсіі гібелі прадстаўніка Беларускага дому ва ЎкраінеДа амбасады прыйшлі прадстаўнікі некалькіх арганізацый беларускай дыяспары, створаных ва Ўкраіне для дапамогі ўцекачам зь Беларусі. Большасьць удзельнікаў акцыі лічаць гібель Віталя Шышова палітычным забойствам і патрабуюць ад уладаў Украіны дэталёвага расьсьледаваньня і належнага рэагаваньня.
Удзельнікі акцыі таксама адзначалі, што разглядаюць гібель Віталя Шышова як спробу запалохаць і дэмаралізаваць беларускіх актывістаў, якія знайшлі прытулак ва Ўкраіне.
На акцыю ўшанаваньня памяці Віталя Шышова прыйшоў і Сяргей Кароткіх, зь якім зьвязваюць стварэньне і дзейнасьць Беларускага дому ва Ўкраіне.
Гібель Віталя Шышова. Што вядома
- Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
- Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
- Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
- Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
- Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
- Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
- Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
- Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.