Кіраўнік МЗС Украіны хоча, каб знайшлі ўсю праўду пра сьмерць беларускага актывіста ў Кіеве

Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна зробіць усё магчымае для расьсьледаваньня справы аб гібелі прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова.

«Я шакаваны трагічнай весткай пра сьмерць беларускага актывіста Віталя Шышова і выказваю спачуваньне ягоным сваякам і блізкім. Украіна зробіць усё магчымае для расьсьледаваньня гэтай справы: важна выявіць усю праўду пра ягоную трагічную сьмерць», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter.

Што сказалі ў Офісе прэзыдэнта

Сяргей Нікіфараў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўкраіны, на брыфінгу паведаміў, што Ўладзімір Зяленскі трымае на кантролі справу аб гібелі беларускага актывіста ў Кіеве. «Мы пільна сочым за высновамі паліцыі, прэзыдэнт, вядома ж, трымае гэтую справу на кантролі. Адзінае, што магу дадаць, што нам сапраўды важна паказаць, што Ўкраіна падтрымлівае народ Беларусі, і нам вельмі важна, каб тыя беларусы, якія пасьля падзеяў мінулага году прыехалі ва Ўкраіну, адчувалі сябе ў бясьпецы», — сказаў ён.

На пытаньне пра рэакцыю прэзыдэнта Ўкраіны ў тым выпадку, калі сьледзтва пацьвердзіць датычнасьць беларускіх спэцслужбаў да гібелі Віталя Шышова, Сяргей Нікіфараў адзначыў: «Калі дакладна будзе вызначана, што гэта была апэрацыя спэцслужбаў, тады і будзе рэакцыя прэзыдэнта. Пакуль гэта невядома».

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня. Паводле сяброў, раніцай ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.

Віталь Шышоў — жыхар Рэчыцы. Увосень 2020 году ён разам са сваёй дзяўчынай Бажэнай Жолудзь зьехаў зь Беларусі ад перасьледу, жыў у Кіеве. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева, непадалёк ад ягонага дому.

Пазьней стала вядома, што сьледчыя сканцэнтраваныя на расьсьледаваньні дзьвюх вэрсій гібелі Віталя Шышова.

«Разглядаюцца вэрсіі пра самагубства і пра забойства з імітаваньнем самагубства. Гэта дзьве асноўныя вэрсіі, хоць мы не адкідаем іншых. Магчыма, у часе расьсьледаваньня будуць і іншыя вэрсіі», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Садраная скура на носе, на левым калене». Украінская паліцыя расьсьледуе дзьве вэрсіі гібелі прадстаўніка Беларускага дому ва Ўкраіне

Грамадзкая арганізацыя «Беларускі дом ва Ўкраіне» была зарэгістраваная 7 сьнежня 2020 году. Паводле статутных дакумэнтаў, ейныя кіраўнікі і заснавальнікі — Віталь Шышоў і Радзівон Батулін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Беларускі дом ва Ўкраіне», кіраўніка якога знайшлі павешаным

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat заявіў пра ўкараненьне ФСБ у беларускія апазыцыйныя структуры ва Ўкраіне

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.