Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Янкі Брыля

Янка Брыль

Падзеі 4 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

4 жніўня 1917 году нарадзіўся Янка Брыль, пісьменьнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пач. ХХІ ст.

Брыль нарадзіўся ў Адэсе, што, відаць, гэтаксама прычынілася да ягонага нязводнага — то вытанчанага, то па-народнаму грубаватага гумару, які нездарма назвалі калябруньёнаўскім.

Гэтым гумарам былі наскрозь прасякнутыя лісты, якія я зрэдку — кожны раз бясконца шчасьлiвы — атрымліваў ад мэтра, калі Брыль заўважыў мае першыя апавяданьні.

Ён умеў пахваліць і ўвадначас па-настаўніцку пасьмяяцца з праколаў накшталт лужынкі пад нагамі ў адной маёй гераіні, што аб’ект яе непадзеленага каханьня прыняў за наплаканыя сьлёзы.

Я суперажываў Алесю Руневічу з адзінага Брылёвага раману «Птушкі і гнёзды».

Я рагатаў над старонкамі аповесьці «Ніжнія Байдуны», ідэяю якой даўнi Брылёў сябар (і суаўтар у стварэньні знакамітай кнігі «Я з вогненнай вёскі») лiтаратуразнаўца Ўладзімер Калесьнік назваў «неад’емнасьць права нізоў на гістарычнае быцьцё й тварэньне свайго лёсу ў супярэчлівым сьвеце».

Але найбольш маімі ў ягонай творчасьці заўсёды былі лірычна-філязофскія мініятуры.

Кнігу «Жменя сонечных промняў» я доўгі час вазіў з сабой паўсюль.

Яна, дарэчы, апрача наталеньня мудрасьцю, уратавала мяне ў жалезнаводзкім санаторыі ад бойкі з двума чачэнцамі, якія, на шчасьце, убачылі ў «расейскага акупанта» «нярускую» кнігу, а потым нястомна выбачаліся, называючы мяне сардэчным братам, і прадказвалі чачэнска-расейскую вайну.

Мы ўсе павінны быць удзячныя яму за падтрымку маладзейшых Уладзімера Караткевіча і Міхася Стральцова, таленты якіх станавіліся на крыло пад Брылёвай увагаю й апекай.

Ён быў больш, чым выбітным пісьменьнікам.

Пасьля яго пахаваньня мне прысьнілася, што Янка Брыль выступае ў тэлебачаньні. Ад нечаканасьці я прачнуўся.

Такое цяпер сапраўды можна ўбачыць толькі ў сьне. Адразу разгледзеўшы антынацыянальную сутнасьць цяперашняй улады, Брыль не пайшоў зь ёю ні на якія кампрамісы. Ён не надрукаваў ні радка ў сэрвільных дзяржаўных выданьнях.

Ён у восемдзесят гадоў адкрыў выдатнаю прамоваю Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Пасьля сыходу Васіля Быкава менавіта Янка Брыль быў, на думку многіх, найвышэйшым маральным аўтарытэтам краіны.

Сьведчаньнем гэтага мог бы стаць і ягоны дзёньнік на пяць тысяч старонак, які, паводле запавету, можна было апублiкаваць празь пяць гадоў пасьля сьмерці аўтара, але ён дагэтуль так і застаецца недаступны для чытачоў. Прыхільнікі таленту народнага пісьменьніка ўжо зачакаліся.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 568-569.

Таксама ў гэты дзень

1392 ― падпісанае Востраўскае пагадненьне, якое паклала канец грамадзянскай вайне ў Вялікім Княстве Літоўскім.

1579 ― пачатак аблогі Полацку войскам Рэчы Паспалітай на чале зь Сьцяпанам Батурам.

Стэфан Баторы

1651 ― войска Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам узяло Кіеў.

1914 ― Першая сусьветная вайна: Нямеччына ўварвалася ў Бэльгію. У адказ Вялікая Брытанія абвясьціла вайну Нямеччыне. ЗША заявілі пра нэўтралітэт.

1922 ― пахаваньне вынаходніка тэлефона Аляксандра Бэла. Цягам хвіліны 13 мільёнаў тэлефонаў ува ўсёй Паўночнай Амэрыцы маўчалі.

1962 ― лідэр Афрыканскага нацыянальнага кангрэсу Нэльсан Мандэла пасаджаны ў турму, дзе правёў 28 гадоў. Пасьля выхаду на волю Мандэла стаў прэзыдэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Нэльсан Мандэла

У гэты дзень нарадзіліся

1901 — Люі Армстранг, амэрыканскі музыка.

Люи Армстронг

1904 ― Вітальд Гамбровіч, польскі празаік, драматург, эсэіст.

Вітальд Гамбровіч, Ferdydurke, Васіль Сёмуха

1947 — Мікола Селяшчук, мастак, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1980–1990-х.

Мікола Селяшчук

Селяшчук, Селя, быў і застаецца для мяне мэтрам, адным з самых улюбёных беларускіх мастакоў.

Думаю, што не для мяне аднаго: на выставах каля ягоных карцінаў заўсёды клубілася публіка. Я й цяпер бязь цяжкасьці — быццам перагортваю альбом рэпрадукцыяў — бачу яго палотны: «Наведваньне сядзібы Агінскага ў Залесьсі», «Матылькі тут не жывуць», «Гучаньне музыкі нябёсаў», «Люблю цябе сустракаць»...

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 426-427.

1961 ― Барак Абама, 44-ы прэзыдэнт ЗША.

Барак Абама

У памяці

1875 — Ганс Крыстыян Андэрсэн, дацкі пісьменьнік.

2009 — Уладзімер Шатон, мовазнаўца, перакладнік, пэдагог.

Уладзімер Шатон

Спадар Уладзімер, якога ягоны калега і блізкі знаёмец Пятро Садоўскі назваў чалавекам «абсалютна не савецкім», ведаў дваццаць моваў, але ягонай любоўю заставалася самастойна й бліскуча вывучаная лаціна. На ёй ён размаўляў і судзіў тэнісныя сустрэчы сяброў.

Зь яе пераклаў на беларускую «Пахвалу дурасьці» Эразма Ратэрдамскага і трактат «Аб грамадзянскай, або палітычнай свабодзе» нашага Андрэя Воляна, на ёй загаварылі вялікія фрагмэнты «Новай зямлі» Якуба Коласа, надрукаваныя потым у замежных лацінамоўных выданьнях.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 592-593.