«Увесь час пасьля фальсыфікацыі выбараў мы дапамагаем беларусам ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах», — сказаў у праграме тэлеканала Polsatnews Павэл Яблонскі.
Паводле яго слоў, людзі, якія хочуць абароны, зьвяртаюцца ў польскія консульствы ва Ўкраіне ці іншых краінах. Яблонскі зазначыў, што са жніўня 2020 году Польшча выдала 150 тысяч гуманітарных візаў.
«Мы хочам дапамагчы ўсім рэпрэсаваным», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы.
Павэл Яблонскі таксама расказаў пра тое, як выдавалі гуманітарную візу беларускай спартоўцы Крысьціне Ціманоўскай:
«Беларусы добра ведаюць, што ў выпадку неабходнасьці могуць зьвяртацца ў польскія консульствы і амбасады. У нядзелю мы даведаліся пра гэтую сытуацыю да таго, як інфармацыя выйшла ў сьвет. Тады мы ўжо ўсталявалі першапачатковы кантакт. У выніку спадарыня Ціманоўская зьвярнулася ў амбасаду Польшчы і атрымала гуманітарную візу. Візу ёй выдалі вельмі хутка», — сказаў намесьнік кіраўніка МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы Маравецкі пагаварыў зь лёгкаатлеткай Ціманоўскай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Пачобута ня выпусьцілі з турмы пасьля скаргі. Раней яму прапаноўвалі выехаць з краіныЯблонскі таксама адказаў на пытаньне, якое тычылася зьняволеных у Беларусі ў «польскай справе» Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.
«Цяжка казаць пра канкрэтныя тэрміны, калі можа адбыцца вызваленьне з-пад варты. Мы пастаянна імкнёмся падтрымліваць каналы сувязі з прадстаўнікамі беларускай адміністрацыі. Мы робім усё магчымае, каб вызваліць нашых суайчыньнікаў і іншых рэпрэсаваных людзей», — сказаў Яблонскі.