Марыі Калесьнікавай у СІЗА прапаноўвалі выступіць на БТ з інтэрвію накшталт таго, якое зьнялі з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу NEXTA Раманам Пратасевічам. Пра гэта сама Калесьнікава апавяла ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь».
Паводле Калесьнікавай, ёй некалькі разоў «у розных формах» прапаноўвалі супрацоўнічаць зь сьледствам і напісаць прашэньне аб памілаваньні.
«Я сама прапаную ініцыяваць дыялёг, перамовы, каб спыніць супрацьстаяньне ў грамадзтве. Мяне „пачулі“ і прапанавалі зьняцца ў кіно а-ля Раман [Пратасевіч]», — расказала яна.
Калесьнікава дадала, што пагадзілася даць інтэрвію журналісту АНТ Марату Маркаву пры ўмове, што яна раскажа «шакавальную праўду пра выкраданьне, сьледзтва і беззаконьне ў турме».
Прасіць памілаваньня яна адмовілася, бо ня лічыць сябе вінаватай.
«Гэта банда подлых баязьлівых напарстачнікаў, і дзіўна было б ім давяраць. Яны ж заўсёды хлусяць. Ня вер, ня бойся, не прасі і сьмейся — гэта мой прынцып зносінаў зь імі», — патлумачыла Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Калесьнікава заклікала рэжым Лукашэнкі спыніць гвалт і пачаць дыялёгМарыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).
Суд пачнецца 4 жніўня і будзе закрытым. Ёй пагражае да 12 гадоў няволі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал паказаў «інтэрвію» вязьня СІЗА КДБ Рамана Пратасевіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабарыка думаў, што яго на расстрэл вядуць»,— Шкляраў расказаў новыя дэталі сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ