Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў ЗША, піша The Hill.
Па словах аўтара дакладу кангрэсмэна Майкла Маккола, лябараторыя рабіла дасьледаваньні мутацыяў вірусу для вывучэньня прафіляктычных мераў. Працы пры гэтым вяліся ў небясьпечных умовах, лічыць рэспубліканец. У расьсьледаваньні таксама гаворыцца, што першы выпадак заражэньня каранавірусам быў зафіксаваны ў верасьні 2019 году, а не ў лістападзе.
Маккол заклікаў увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да інстытуту вірусалёгіі ўва Ўхані і да прадстаўнікоў кітайскай кампартыі, якія, як сьцьвярджаецца, перашкаджалі барацьбе з пандэміяй.
У траўні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьвярнуўся да выведкі па дадзеныя аб паходжаньні COVID-19. Байдэн даў тры месяцы на тое, каб атрымаць дадзеныя пра ролю кітайскай лябараторыі ў паходжаньні віруса.
На пачатку 2021 году ва Ўхань прыехалі экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя. Яны правялі расьсьледаваньне і прыйшлі да высновы, што найбольш верагодная вэрсія зьяўленьня COVID-19 — гэта перадача ад жывёлы да чалавека.
Пэкін абверг усе абвінавачваньні ва ўтойваньні інфармацыі пра каранавірус і ў яго лябараторным паходжаньні і адмовіўся ўдзельнічаць у дадатковых расьсьледаваньнях Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Ад пачатку пандэміі каранавірусу ў сьвеце захварэлі амаль 200 мільёнаў чалавек. Памерлі больш за чатыры мільёны.