Спартовы сайт «Трыбуна» паведаміў пра ад’езд зь Беларусі ў Кіеў мужа Крысьціны Ціманоўскай Арсеня Зданевіча. Сама яна прыйшла ў амбасаду Польшчы, знаходзячыся ў Токіё. Яна плянуе прасіць нацыянальную візу гэтай краіны.
Арсень Зданевіч пацьвердзіў свой ад’езд зь Беларусі ва Ўкраіну і зазначыў, што плянуе зьяднацца з жонкай. Камэнтаваць яе ўчынак ён не захацеў.
1 жніўня 24-гадовая Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты празь недастатковую колькасьць допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.
Ціманоўская адмовілася бегчы няпрофільную для сябе дыстанцыю і апублікавала ў інстаграме відэа з крытыкай на адрас трэнэрскага і адміністрацыйнага штабоў лёгкаатлетычнай і алімпійскай зборных Беларусі. За гэта ёй пачалі пагражаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрынтэрка Ціманоўская, якую за крытыку спрабавалі вывезьці з Алімпіяды, прыехала ў амбасаду Польшчы ў ТокіёМіжнародны алімпійскі камітэт ня выключыў санкцыяў супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, але чакае афіцыйнага адказу зь Менску з тлумачэньнем усіх акалічнасьцяў сытуацыі з Крысьцінай Ціманоўскай.
Фонд спартовай салідарнасьці запатрабаваў ад МАК правесьці разбор і забраць алімпійскія акрэдытацыі ў галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча, намесьніка дырэктара РЦАП Артура Шумака, начальніка аддзелу міжнародных адносін НАК Васіля Юрчыка і шэфа беларускай місіі ў Токіё Дзьмітрыя Даўгалёнка, якія спрабавалі сілай вывезьці Ціманоўскую ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Загад прыбраць мяне з Гульняў паступіў з вышэйшага, чым міністэрства спорту, узроўню». Ціманоўская ў інтэрвію «Трыбуне»Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі 2 жніўня заявіў, што ягоная краіна гатовая прыняць Ціманоўскую.
«Мы яшчэ ўчора адрэагавалі на гэтую сытуацыю, калі атрымалі інфармацыю. Мы зьвярнуліся да прадстаўнікоў спадарыні Ціманоўскай і мы знаходзімся зь імі ў кантакце.
У інтарэсах гэтай справы мы ня можам пакуль падаць больш падрабязнасьцяў, акрамя таго, што Польшча гатовая прыняць спадарыню Ціманоўскую, забясьпечыць ёй абарону і працяг спартовай кар’еры», — сказаў Яблоньскі ў эфіры Польскага радыё.