У нядзелю зь беларускага боку незаконна перайшлі мяжу і апынуліся ў Літве 289 мігрантаў, паведамляе Delfi.
Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс сказаў, што ніякай сыстэмы не засталося — калі раней нелегалы звычайна пераходзілі мяжу ўначы і там, дзе няма відэакамэраў, то цяпер яны ідуць праз усе ўчасткі і ў любы час дня і ночы.
Агулам мігрантаў, якія пры спрыяньні афіцыйнага Менску апынуліся на тэрыторыі Літвы, ужо больш як 3500 чалавек. Гедрус Мішуціс заявіў, што месца для разьмяшчэньня ўсё новых групаў мігрантаў зноў не хапае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўска-беларускую мяжу пачаў патруляваць верталёт польскіх памежнікаўНапярэдадні ў Літву прыбыла эўракамісар унутраных справаў Ілва Ёхансан. У нядзелю яна сустрэлася зь міністрам унутраных справаў Агне Білатайце, у панядзелак — з прэзыдэнтам Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце.
Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс не прымусіць Літву пайсьці на нейкія саступкі Менску, — палітоляг Казакевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігрант у Літве: «Беларусь — гэта турма зь межамі, якая называецца дзяржава»