Сяргей Навумчык:
«Спорткамітэт, як і ў часы СССР, на 90% укамплектаваны КГБшнікамі. Гэтым разам практыкаваньне з самалётам не атрымалася. Праўнукі Дзяржынскага правалілі апэрацыю. Уратаваньне Крысьціны Ціманоўскай — ужо міжнародная навіна дня. Гэта падобна, як у 1961 вялікі Рудольф Нурыеў скочыў праз бар’ер у парыскім аэрапорце і папрасіў палітычнага прытулку ад камуністычнага «раю». Аляксандар Рыгоравіч працягвае ажыцьцяўляць абяцаньне — «усё будзе як у СССР». Будзе, абавязкова будзе. Атрымае ён і свой 1991 год. А Крысьціне — як найхутчэй перажыць хваляваньні і ўдачы ў справах спартовых і ня толькі! Мэдаль з Токіё яна не вязе — але нашую павагу заваявала!»
Арцём Шрайбман:
«Упэўнены, што ўсё разьвівалася па такой схеме. Ціманоўская публікуе відэа з крытыкай спартовых бюракратаў, якія аблажаліся з допінг-тэстамі іншых спартовак, і прымушаюць яе бегчы замест іх. Відэа падхопліваюць ТГ-каналы.
Тэлевізар працуе ў рэжыме мачыць усё, што падхопліваюць ТГ-каналы, у выніку Ціманоўская — антыгерой усіх выпускаў навінаў дзяржТБ. Лукашэнка глядзіць тэлевізар і абураецца — мы ж далі ёй усё, трэніравалі за наш кошт, а яна піярыцца і посьціцца. Лукашэнка тэлефануе і патрабуе зьняць Ціманоўскую з гульняў і першым жа рэйсам адправіць у краіну.
Спартовыя чыноўнікі імчацца выконваць указаньне, але інфармацыя выцякае. Яны выдумляюць вэрсію пра агляд лекара і нестабільны эмацыйны стан бягухі. Яна абвяргае, што лекары яе нават аглядалі. Сусьветныя СМІ падхопліваюць і робяць з гісторыі скандал, які цалкам можа стаць для Беларусі вылетам з МАК або іншымі спартыўнымі санкцыямі.
Гатовы паспрачацца, калі так адбудзецца, наступная стадыя — размовы пра нарыхтаваную правакацыю і купленую загадзя Ціманоўскую. Зноў жа, падазронае прозьвішча. І ўсё гэта як частка гібрыднай вайны пасьля таго, як бліцкрыг не атрымаўся. А ўсё, каб Польшчы адышла Горадзенская вобласьць. Або зараз Японіі — Гомельская?»
Валер Карбалевіч:
«Самастрэлы беларускіх уладаў становяцца рэгулярнымі, яны пастаўлены на паток. Сыстэма проста запраграмаваная на іх.
У краіне сфармаваная атмасфэра, у якой любая крытыка начальства, нават кіраўніцтва зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, лічыцца замахам на ўладу.
Любы канфлікт ў сёньняшняй Беларусі адразу набывае палітычны характар, пра што сьведчаць камэнтары беларускай дзяржаўнай тэлевізіі з гэтай нагоды.
Наўрад ці ідэя экстрэннай высылкі ўзбунтаваўшайся спартоўкі – ініцыятыва кіраўніцтва зборнай Беларусі на Алімпіядзе. Калі скандал набыў палітычны характар, то, значыць, рашэньне прымалася на палітычным узроўні. Атрымоўваецца, што чым больш Лукашэнка ўмешваецца ў спорт, тым больш шкоды».
Уладзімер Мацкевіч:
«Ціманоўская крытычна выказалася ў дачыненьні да валюнтарызму і некампэтэнтнасьці чынуш з НАК. Але гэтыя чынушы — гасударавы людзі. Значыць, крытыка ў іх адрас — гэта экстрэмізм і здрада дзяржаве. Яны так гэта бачаць.
А далей — «лёгіка». Хто ж у сваім розуме можа пайсьці на здраду на Гульнях, калі спорт па-за палітыкай? Ніхто. Значыць, трэба праверыць псыха-эмацыянальны стан спартоўкі. Хто праверыць? Ясная справа — лекары і псыхолягі НАК. Але яны таксама гасударавы людзі. Іх дыягназ просты — звар’яцела дзяўчына. Патрэбна тэрміновая дэпартацыя з шпіталізацыяй.
Але Крысьціна здаровая. Яна ня згодная.
Умешваецца японская паліцыя. У іх слушнае падазрэньне. Гвалтоўны вываз з краіны чалавека насуперак яго жаданьню — злачынства. Міжнародны скандал».