Контрразьведка КДБ фіксуе рэзкую актывізацыю працы замежных спэцслужбаў у дачыненьні кіраўнікоў вэртыкалі ўлады ў Беларусі. Пра гэта 30 ліпеня заявіў кіраўнік ведамства Іван Тэртэль падчас сустрэчы з чыноўнікамі органаў мясцовай улады. Фрагмэнт выступу паказалі ў праграме «Панарама» на тэлеканале «Беларусь 1», інфармуе Zerkalo.io.
З замежнымі спэцслужбамі ў дадзенай працы, паводле Тэртэля, зьвязаныя «дэструктыўныя фармаваньні». Імі нібыта праводзіцца праца ў дачыненьні кіраўнікоў вэртыкалі ўлады, сілавых структур, іншых дзяржаўных органаў.
«З выкарыстаньнем сучасных інфармацыйных тэхналёгій, хакерскіх нападаў на пэрсанальныя дадзеныя, ажыцьцяўляецца сыстэмны збор зьвестак у дачыненьні кіраўнікоў выканаўчых камітэтаў рознага ўзроўню і іх блізкіх. Асаблівая ўвага сваякам, якія вучацца ў Польшчы, Літве, іншых заходніх краінах і Ўкраіне. Пошук эфэктыўных рычагоў уплыву з мэтай наступнага схіленьня да здрады. Прасіў бы зьвярнуць асаблівую ўвагу на дадзены фактар прадстаўнікоў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцей».
На сустрэчы 30 ліпеня Іван Тэртэль таксама адзначыў, што «ў Кіеве і Вільні фармуюцца інфармацыйныя хабы, якія будуць уплываць на інфармацыйную прастору Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курс на таталітарызацыю працягнецца. Карбалевіч пра вынікі сустрэчы Лукашэнкі з вэртыкальлюКіраўнік КДБ Беларусі, відавочна, меў на ўвазе дзейнасьць суполкі «Кібэр-партызаны», якая ў ліпені здабыла відэаазапісы МУС з масавых акцый восені-2020, а таксама сакрэтныя відэазапісы з Акрэсьціна. Таксама хакеры ўзламалі шэраг дзяржаўных базаў, якія доўга не працавалі, а дзяржаўныя органы тлумачылі прастой «тэхнічнымі работамі». Узломшчыкі атрымалі ў карыстаньне ўсю базу Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, пашпартнай сыстэмы і базы дадзеных службы 102.
Сярод іншай здабытай інфармацыі «Кібэр-партызаны» заявілі, што атрымалі поўную інфармацыю пра самога Івана Тэртэля, ягоную маёмасьць і ўсе асабістыя дадзеныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» атрымалі пашпартныя дадзеныя і фота ЎСІХ беларусаў. Фактчэк «Настоящего времени» і інтэрвію з хакерамі