Група «Кібэрпартызаны» на сваім тэлеграм-канале паведаміла, што ўзламала сэрвэр, на якім захоўваюцца відэазапісы апэратыўных дронаў Міністэрства ўнутраных спраў.
Першае відэа, выкладзенае хакерамі ў сеціва, паказвае пратэсты каля стэлы, што на праспэкце Пераможцаў, і на прылеглых вуліцах у Менску.
«Дзякуючы запісам у нас ёсьць магчымасьць вывучыць тактыку карнікаў, вызначыць іх уразьлівыя кропкі і дазволіць „Буслам“ і „ДНС“ падрыхтавацца да фінальнага выхаду. Летам-восеньню 2020 мы былі сьведкамі і ўдзельнікамі найбольш масавых выхадаў вольных духам людзей. Толькі паглядзіце, як шмат было нас і як мала было іх», — напісалі «кібэрпартызаны».
Таксама суполка паказала відэа зь міліцэйскіх дронаў каля «плошчы Перамен». Гэта месца, дзе быў мурал, прысьвечаны «Дыджэям перамен», дзе забралі Рамана Бандарэнку, якога потым забілі, дзе затрымалі Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якіх пазьней асудзілі за асьвятленьне акцыі пратэсту, дзе затрымалі і цяпер судзяць Сьцяпана Латыпава.
Суполка «Кібэрпартызаны» паўстала ў верасьні 2020 году на тле беларускіх пратэстаў супраць няспыннага кіраваньня Лукашэнкі. Ананімныя хакеры пачалі з узлому дзяржаўных сайтаў, на пачатку верасьня атакаваўшы сайты Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, МУС і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Узломшчыкі пакідалі пасланьні: бел-чырвона-белы сьцяг пратэсту, фота Лукашэнкі ў разьдзеле «Вышук» на сайце МУС і абвяшчэньне партызанскай вайны ўладам.
Пасьля актыўнай дзейнасьці ўвосень «кібэрпартызаны» на пэўны час сышлі ў цень, справакаваўшы чуткі пра свой самароспуск ці нават арышты сяброў суполкі. Аднак у ліпені пачаўся новы віток іх дзейнасьці — аказалася, што яны ўзламалі шэраг дзяржаўных базаў, якія доўга не працавалі, а дзяржаўныя органы тлумачылі прастой «тэхнічнымі работамі». Узломшчыкі атрымалі ў карыстаньне ўсю базу Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, пашпартнай сыстэмы і базы дадзеных службы 102.
У апошні тыдзень ліпеня «кібэрпартызаны» публікуюць здабытую інфармацыю, сярод якой зьвесткі пра аўтатранспарт і нерухомасьць сілавікоў, асабістыя дадзеныя чыноўнікаў найвышэйшага зьвяна, а таксама сакрэтныя дэпэшы пра злачынствы, перавышэньні паўнамоцтваў і іншыя парушэньні, учыненыя чыноўнікамі і сілавікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кібэрпартызаны заявілі, што сьледам за базай ДАІ ўзламалі пашпартную сыстэму і базу дадзеных службы 102