Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч прысудзіў Насьце Пілюгінай 15 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе «Вясна назірае».
Насту Пілюгіну разам з астатнімі затрыманымі ў суд даставілі асабіста. На судзе яна паведаміла, што ўчора ў КДБ яе дапыталі ў якасьці сьведкі па арт. 289 Крымінальнага кодэксу («Акт тэрарызму»), але падпіскі аб неразгалошваньні яна не давала. Наста зьвярнула ўвагу, што дапытвалі яе не па крымінальнай справе, а па біяграфіі, а потым адвезьлі дадому, дзе супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Дома быў яе хлопец, які і адчыніў дзьверы. Бел-чырвона-белыя сьцягі дзяўчына аддала адразу сама, бо ёй сказалі, «што лепш самой гэта зрабіць».
Сьведчаньні міліцыянта Наста Пілюгіна лічыць паклёпам, бо ў РУУС яна прайшла добраахвотна.
Хлопца Насты Пілюгінай Уладзіслава Піртаня таксама асудзілі на 15 сутак арышту. Ягоныя сваякі не пасьпелі хутка заключыць дамову з адвакатам, але судзьдзя Міхаіл Макарэвіч усё роўна вырашыў разглядаць справу хлопца, парушаючы яго права на абарону. Пратакол па арт. 24.3 КаАП на Піртаня склалі 29 ліпеня за тое, што ён нібыта адмовіўся прайсьці ў РУУС за міліцыянтам і крычаў каля машыны. Уладзіслаў сказаў судзьдзі, што ўчора яму нават не давалі пратакол на подпіс. Ён расказаў, што яго затрымалі пасьля 3-гадзіннага ператрусу, у РУУС непадпарадкаваньня ён не аказваў, таму віны не прызнае. Судзьдзя Макарэвіч разгледзеў справу за 9 хвілін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 29 ліпеня: затрымалі блогерку Насту Пілюгіну і менскіх анархістаўБлогерку Насту Пілюгіну, маркеталягіню і мэдыямэнэджарку ў кампаніі Eleven, вядоўцу падкасту dzigital затрымалі раніцай 29 ліпеня ў Менску каля яе дому. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў яе хлопец Уладзіслаў Піртань. Прыкладна аб 11-й гадзіне Наста выйшла з дому да машыны, якая стаяла ў двары, па ноўтбук і зьнікла. Яе тэлефон быў выключаны, але потым уключыўся. З дапамогай праграмы «лякатар» на Насьціным айпадзе Ўладзіслаў пабачыў, што яна недзе на завулку Казлова (на Казлова, 6а знаходзіцца Ўпраўленьне КДБ у Менску).
Пазьней сілавікі прыйшлі зь ператрусам дадому да Ўладзіслава і Насты. Позна ўвечары ад сваякоў Уладзіслава Піртаня стала вядома, што яго і Насту Пілюгіну затрымалі.
Таксама вядома, што супрацоўнікі міліцыі завалодалі тэлеграм-каналам Насты Пілюгінай.