У Расеі трэці раз за месяц паўтарыўся максымум дзённай сьмяротнасьці ад каранавірусу

Пахаваньне памерлага ад каранавірусу ў Санкт-Пецярбургу

У Расеі трэці раз за месяц паўтарыўся максымум дзённай смяротнасьці ад каранавірусу. Па стане на раніцу чацьвярга, 29 ліпеня, за суткі ад хваробы памерлі 799 чалавек, сьведчыць афіцыйная статыстыка.

Упершыню за пандэмію такі паказчык быў зафіксаваны 16 ліпеня. 24 ліпеня ён паўтарыўся. Па афіцыйных дадзеных апэратыўнага штабу, за паўтара года ад хваробы памерлі 156 977 чалавек.

Спэцыялісты-дэмографы ставяць гэтую ацэнку пад сумнеў. Абапіраючыся на дадзеныя Расстату, многія экспэрты мяркуюць, што сьмяротнасьць магла перавысіць паказчык у 500 тысяч. Улады Расеі неаднаразова бывалі злоўленыя на маніпуляцыі са статыстыкай з самага пачатку пандэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляменьнікі прэзыдэнта Таджыкістану пасьля сьмерці іх маці ад COVID-19 пабілі міністра аховы здароўя

У сакавіку 2020 году ўжо першы вядомы лекарам выпадак сьмерці ад каранавірусу быў сьпісаны на тромб, які адарваўся ў выніку лёгачнай эмбаліі (гэта распаўсюджаная прычына сьмерці хворых з каранавірусам).

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад пачатку пандэміі ўладамі Расеі выяўлена 6 218 502 выпадкаў захворваньня на ковід. Улады неаднаразова прызнавалі, што гэтая ацэнка можа быць заніжаная ў разы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нікому не пажадаю». Беларус год бегаў ад міліцыі па сьвеце і трапіў у ЗША
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыпаваньне, аўтызм і змовы. Што такое інфадэмія і як дэзынфармацыя шкодзіць людзям