Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўзнагароджаныя за тое, што «сталі галасамі свабодных журналісцкіх рэпартажаў пры аўтакратычным рэжыме і пацярпелі за сваю працу».
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал DW.
Цэнтар свабоды прэсы запатрабаваў вызваліць Андрэеву і Чульцову, якія атрымалі ў лютым 2 гады калёніі за жывы рэпартаж з акцыі пратэсту.
Прэмія ўручаецца ў кастрычніку ў Ляйпцыгу, кожнай з журналістак прысуджаныя па 10 тысяч эўра. Як будуць уручаць прэмію сёлета, пакуль незразумела.
- Ляйпцыгская прэмія «За свабоду і будучыню СМІ» заснаваная ў 2001 годзе ў памяць аб мірнай рэвалюцыі ў Ляйпцыгу ўвосень 1989 году.
- Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова — фігуранткі справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Абедзьвюх асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
- Іх затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру зь месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску.
- Праваабаронцы прызналі журналістак палітзьняволенымі. Яны адбываюць пакараньне ў папраўчай калёніі № 4 у Гомлі.