«Гарачая лінія „Ля Страда“ прыпыняе працу на няпэўны час», — гаворыцца ў сацыяльных сетках дабрачыннай ініцыятывы.
Праграма «Ля Страда» — праект бясьпечнай міграцыі і супрацьдзеяньня гандлю жанчынамі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Пацярпелым гарантавалі бясплатную дапамогу.
На гарачай лініі прафэсійныя юрысты дапамагалі людзям і кансультавалі іх у пытаньнях працаўладкаваньня, іміграцыі, заключэньня шлюбаў, вучобы за мяжой. У разе патрэбы падключаліся партнэрскія міжнародныя і мясцовыя арганізацыі ў розных краінах.
Раней спыніла кансультацыі пацярпелых ад хатняга гвалту няўрадавая арганізацыя «Гендэрныя пэрспэктывы», дзейнасьць якой канцэнтруецца на праблемах хатняга гвалту, дыскрымінацыі на рынку працы, гендэрнай роўнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусу «Гендэрныя пэрспэктывы» спынілі кансультацыі пацярпелых ад хатняга гвалтуАбедзьвюма ініцыятывамі апякуецца каманда пад кіраўніцтвам Ірыны Альхоўкі. Яна — нацыянальны каардынатар міжнароднай арганізацыі «Ля Страда» ў Беларусі і старшыня праўленьня міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы».
14 ліпеня ў офіс аб’яднаньня заявіліся сілавікі і ўчынілі ператрус. Праз мэтанакіраваную атаку на грамадзянскую супольнасьць кіраўніцтва арганізацыі на няпэўны тэрмін прыпыніла гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту, а сьледам і ў пытаньнях міграцыі.