Крымінальную справу Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака пачнуць разглядаць у Менскім абласным судзе 4 жніўня. Разгляд у закрытым рэжыме. Пастанову аб гэтым уручылі адвакатам 28 ліпеня, паведамляе прэсавая служба Віктара Бабарыкі.
Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады);
- ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы);
- ч. 3 арт. 361-1 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).
Ім пагражае да 12 гадоў турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У яе дзень народзінаў я вырашыў быць побач і тыдзень хадзіў каля турмы», — бацька Марыі КалесьнікавайМарыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.
У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак у інтэрвію з-за кратаў: «Зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў»Максіма Знака затрымалі 9 верасьня і абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК).
Раней у інтэрвію Deutsche Welle ён пракамэнтаваў сутнасьць абвінавачваньняў і ўласныя чаканьні ад меркаванага суду.
«У юрыстаў прынята камэнтаваць абвінавачаньне на публічным працэсе, каб любы незалежны назіральнік мог выснаваць уласную думку. На жаль, і гэта цяпер раскоша. У нейкім сэнсе мне пашанцавала, бо тэкст майго абвінавачаньня падобны да сцэнару галівудзкага блокбастэра, у якім дробнымі літарамі ў канцы пазначана: «заснавана на рэальных падзеях».
І ўсё ж я не магу зразумець: як, ведаючы ня толькі пра ўсе публічныя ўчынкі, а і пра кожную думку тых, хто працаваў разам са мной тым летам, можна выкладаць усё з дакладнасьцю да наадварот у дакумэнце, які накіраваны на зьмену жыцьця чалавека на пэрыяд да 12 гадоў? Самае сумнае, што, зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў, якія ўвайшлі ў Каардынацыйную раду, каб дапамагчы ў пераходзе да канструктыўнага рашэньня ў кантэксьце жніўня 2020 году».