Як стала вядома «Вясьне», кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэй Скурко знаходзіцца ў мэдычнай частцы ў СІЗА на Валадарскага. Сям’і паведамілі толькі, што ён трапіў туды са «структурнымі зьменамі ў лёгкіх».
Вядома, што пасьля таго, як Андрэя Скурко перавялі з Акрэсьціна на Валадарскага, рэнтген выявіў у яго пляму ў лёгкіх. У Скурко дыябэт 1 тыпу, ён хварэе ад 2017 году. Чатыры разы на дзень яму трэба рабіць іньекцыі. Ён правёў на Акрэсьціна 13 дзён у цяжкіх умовах, без дыябэтнай дыеты і перадачаў.
Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, які сядзеў у адной камэры з Андрэем, расказаў, выйшаўшы з ізалятара пасьля 10 содняў: «Яму цяжка, ён інсуліназалежны, мае праблемы са здароўем. З 18 ліпеня Андрэй пачаў кашляць, паднялася тэмпература, яму давалі парацэтамол».
- 8 ліпеня сілавікі затрымалі нашаніўцаў Ягора Марціновіча, Андрэя Дынько, Андрэя Скурко і галоўнага бухгальтара выданьня Вольгу Раковіч. Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце іх як падазраваных паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці рыхтаваньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) зьмясьцілі на 10 дзён у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
- Бухгальтарку вызвалілі 16 ліпеня. Празь некаторы час выпусьцілі і Андрэя Дынько. Марціновіч і Скурко застаюцца пад вартай, іх затрымалі паўторна як падазраваных ужо ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК, караецца «хіміяй» ці калёніяй на тэрмін да 5 гадоў). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што за камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Сьледчыя налічылі, што прадпрыемству «Мінэнэрга» нанесена шкода на суму 3,5 тысячы рублёў.