Пра гэта інфармуе агенцтва Reuters.
Туніскі лідэр заявіў у нядзелю, 25 ліпеня, што з дэпутатаў аднапалатнага парлямэнту зьняты імунітэт, і прыгразіў ў выпадку супраціву залучыць узброеныя сілы.
Заяву прэзыдэнт зрабіў пасьля тэрміновай нарады ў прэзыдэнцкім палацы ў Картагене з прадстаўнікамі службаў бясьпекі і вайскоўцамі.
Прэзыдэнт Саід удакладніў, што сам зоймецца справамі ўраду пры спрыяньні новага кіраўніка Кабінэту міністраў.
Вайскоўцы заблякавалі будынкі парлямэнту і дзяржаўнай тэлевізіі.
Шмат у якіх гарадах краіны, у тым ліку і ў сталіцы — горадзе Тунісе, сёньня ідуць масавыя маніфэстацыі ў падтрымку рашэньня прэзыдэнта.
Старшыня парлямэнту, лідэр кіроўнай партыі «Ан-Нагда» («Адраджэньне») Рашыд Ганушы расцаніў дзеяньні прэзыдэнта як «пераварот, накіраваны супраць рэвалюцыі і канстытуцыі».
Ганушы раніцай 26 ліпеня прыбыў у парлямэнт, дзе заявіў, што склікае сэсію насуперак рашэньню прэзыдэнта, але вайскоўцы не пусьцілі яго ў будынак парлямэнту.
Каля будынку парлямэнту адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі прэзыдэнта і парлямэнцкай большасьці.
Прэзыдэнт Саід перасьцярог ад сілавой рэакцыі на яго рашэньне: «Хто стрэліць куляй, таму войска адкажа куляй», — патлумачыў ён.
Reuters адзначае, што цяперашні палітычны крызіс — найвастрэйшы з 2011 году, калі ў Тунісе адбылася антыаўтарытарная рэвалюцыя, зь якой пачалася «арабская вясна».