Ноэль Відорэ стаў сёмым патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты, арыштаваным у Нікарагуа. Як паведамляе ў нядзелю, 25 ліпеня, агенцтва AFP 66-гадовы палітык, які прадстаўляе апазыцыйную групу Alianza Ciudadanos por la Libertad, зьмешчаны пад хатні арышт па абвінавачваньні ў «падрыве сувэрэнітэту» Нікарагуа.
Прэзыдэнцкія выбары ў Нікарагуа павінны адбыцца 7 лістапада. Рэгістрацыя кандыдатаў будзе праходзіць з 28 ліпеня па 2 жніўня. Асноўным прэтэндэнтам на пасаду лічыцца цяперашні кіраўнік дзяржавы, лідэр кіроўнага «сандынісцкаму фронту нацыянальнага вызваленьня» Даніэль Артэга. 75-гадовы палітык будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах у чацьвёрты раз запар. Упершыню Артэга ўзначаліў Нікарагуа ў 1985 годзе, але ў 1990 годзе прайграў выбары Віялеце Чамора, якая прадстаўляла «Нацыянальны саюз апазыцыі». У 2007 годзе Артэга вярнуўся да ўлады.
Рэпрэсіі супраць апазыцыі ў краіне пачаліся 2 чэрвеня. Агулам улады на сёньняшні дзень арыштавалі 28 чалавек, якіх абвінавачваюць у «пагрозе сувэрэнітэту» Нікарагуа. Першай была арыштаваная Крысьціяна Чамора. Паводле ацэнак экспэртаў, у дачкі экс-прэзыдэнткі краіны Віялеты Чамора былі самыя добрыя шанцы перамагчы Артэгу на выбарах.