Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Іван Крупко паведаміў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», што аграрны сэктар не пацярпеў ад заходніх санкцый. Па яго словах, 84% экспарту накіроўваецца ў краіны СНД, у тым ліку 73% — у Расею.
«Сёньня ў Эўропу мы рэалізуем прадуктаў харчаваньня на 385 мільёнаў даляраў у год. Яшчэ на 195 мільёнаў — ва Ўкраіну. Гэтыя аб’ёмы вельмі падобныя з рынкам Кітая, таму ў нас прадпрыемствы сэртыфікаваны як на эўрапейскі рынак, так і ў Кітай», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аналітыкі: Санкцыі ўдараць па кішэні Лукашэнкі, у некаторых выпадках за гэтым можа стаяць непрадбачаны бэнэфіцыяр — РасеяІван Крупко лічыць, што ў выпадку ўзмацненьня санкцыйных праблемаў беларускія аграрыі лёгка пераарыентуюцца на рынкі Расеі і Кітая.
Чыноўнік адсправаздачыўся, што за першыя пяць месяцаў экспарт вырас на 11,3% да 2,5 млрд даляраў.
«Пры гэтым мы заўсёды маем на ўвазе і ўнутраны рынак — ён забясьпечаны на 100%. Кантралюем забясьпечанасьць унутранага рынку па малаку і малочных прадуктах, мясу і мясапрадуктах, па ўсёй прадукцыі расьлінаводзтва. Дысбалянсу зьнешняга і ўнутранага рынку ня будзе», — запэўніў кіраўнік ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад на тры месяцы забараніў вываз грэчкіПа яго словах, нядаўнія абмежаваньні на вываз грэчкі і мукі накіраваныя ў тым ліку на дасягненьне гэтых мэтаў — інакш «прадпрымальныя людзі» намагаюцца зарабіць на высокіх цэнах за мяжой.
Міністар чакае, што па выніках гэтага году экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі дасягне 6 млрд даляраў.