«Вылазіш з закінутага касьцёла сярод ночы — містыка!» Маршруты выходнага дня ад фатографкі Ксеніі Бягун

Выкладчыца, фатографка і вандроўніца з маленства Ксенія Бягун дзеліцца сваімі маршрутамі па Беларусі.

«Калі пачынаецца эмацыйная нестабільнасьць, думаеш: о, трэба шукаць маршруцік»

Ксенія пачынае расповед са свайго валянтэрскага досьведу на фэстывалі SPRAVA, які праходзіць у Чашніцкім раёне, у вёсцы Белая Царква.

«Я ня ведала дакладна, куды паеду, проста ўпісалася ў валянтэрства. Да гэтага ня ведала нават, як намёт ставіць. Я прыехала на тыдзень літаральна ў поле і зразумела, што можна ня толькі валянтэрыць, але і нешта рабіць самой: прыехаць на летнік у сядзібу, фэст дапамагчы арганізаваць і гэтак далей. Рабіць рушняк», — апавядае Ксенія Бягун.

Дзякуючы фэстывалю месца стала папулярным. Улетку тут можна застацца з намётам, наведаць пляж, які зрабілі валянтэры, сачыць за птушкамі з драўлянай вежы, раіць Ксенія.

(Фота Ксеніі Бягун)

Таксама вакол шмат цікавых месцаў, насычаных гісторыяй.

Пасьля пачатку пандэміі зьявілася шмат трэвэл-блогаў па Беларусі, а ў тых, што былі, вырасла аўдыторыя, кажа Ксенія. Палітычны крызіс таксама наклаў адбітак на падарожжы ўнутры Беларусі, лічыць дзяўчына, зьмянілася іх мэта.

«Ужо не да адпачынку. Большасьць людзей кудысьці едзе, каб проста зьбегчы. І гэта асабіста мой эмацыйны стан — хочацца схавацца неяк трошкі. Ты вось вандруеш цэлы дзень, паглыбляесься, глядзіш на гэтыя руіны... А пасьля падарожжа адразу не „закідвае“ ў рэальнасьць, бо ў цябе шмат здымачкаў, якія трэба апрацаваць, напісаць пост, падзяліцца гэтым. Ты ў гэтым працягваеш варыцца, усё добра, эмоцыяў шмат: туды зьезьдзіў, там залез, гэта пабачыў, куртку парваў, — сьмяецца Ксенія. — Калі пачынаецца зноў эмацыйная нестабільнасьць, думаеш: О, трэба шукаць маршруцік. Дзе там зьніжкі на арэнду машыны?».

«Вось, здаецца, нейкі дот пыльны, хто ж туды палезе?»

Ксенія зь сябрамі езьдзіць у падарожжы ў любое надвор’е. Восеньню і вясной, калі моцныя дажджы, машына літаральна плавае, але ўсё адно весела, кажа дзяўчына.

«Вельмі крута, калі па дарозе вы знаходзіце нешта незаплянаванае, недзе затрымліваецеся ці пазнаёміліся зь некім. Аднойчы мы залезьлі ў дот [доўгатэрміновая агнявая кропка. — РС], а там уся столь у матыльках. Вось, здаецца, нейкі дот пыльны, хто ж туды палезе?».

Парада ад Ксеніі: быць адкрытым і ў звычайным шукаць незвычайнае.

«З апошніх нашых дурных учынкаў. У Беніцы ёсьць закінуты касьцёл, але ён выглядае вельмі добра і ўнутры захаваўся. Нам ну вельмі хацелася туды трапіць, таму мы акуратненька палезьлі праз маленькую дзірку. А гэта аказаўся ўваход у сутарэньне, і там косткі непахаваныя былых уладальнікаў гэтай зямлі, шляхціцаў. Калі сонца зайшло, пацямнела, сталі пішчаць і лётаць кажанчыкі. А ты вылазіш з закінутага касьцёла сярод ночы — містыка!»

(Фота Ксеніі Бягун)

Што браць з сабой?

«Ёсьць людзі, якія вельмі па-дзіцячы думаюць, што ў нас у кожным кутку можна спыніцца і паесьці. Не, трэба браць усё з сабой, каб з камфортам сесьці дзе-небудзь, спыніцца ля прыгожай сядзібы. Бярыце пледзікі, каб рабіць інстаграмныя фотачкі. Бутэрброды, яйкі, курыцу, ваду, іншую ежу. Потым дзяліцеся між сабой — гэта вас зблізіць», — усьміхаецца Ксенія.

(Фота Ксеніі Бягун)

Падарожжы, якія вы арганізуеце самі, — бюджэтныя. Грошы пойдуць у асноўным на паліва і ежу (яе можна ўзяць з сабой), таксама на ахвяраваньні ці, напрыклад, на мясцовыя прысмакі.

Калі вы ўсё ж баіцеся ехаць у самастойную вандроўку, але хочаце адчуць дух падарожжаў, паспрабуйце экскурсіі, раіць Ксенія.

«Яны не такія дарагія. Можна пачаць з тых жа Налібак, куды вы самі групай прыяжджаеце, перасаджваецеся на транспарт парку, і вас вязуць глядзець на тарпанавідных коней. Вазьміце ровар у арэнду. Можна ўвесь дзень правесьці ў гэтым лесе, наесьціся чарніц, набыць тушонку з лася».

(Налібакі. Фота Ксеніі Бягун)

Маршруты падарожжаў на дзень

Налібоцкая пушча — сядзіба Тышкевічаў (Вялае) — Крэва

Яго можна прайсьці за адзін дзень, або не сьпяшацца, разьдзяліць на некалькі паездак.

(Сядзіба Тышкевічаў. Фота Ксеніі Бягун)

«Крэва — утульнае месца з рэшткамі замка, касьцёлам на гары, ветракамі, Юравай гарой, старымі могілкамі. Таксама там жыве фатограф Сяргей Гапон, які ладзіць розныя актыўнасьці і прасоўвае Крэва як турыстычнае месца. Побач з замкам можна знайсьці вялікія здымкі — гэта калябарацыя зь Месяцам фатаграфіі ў Менску, я там валянтэрка».

(Крэва. Фота Ксеніі Бягун)

Мір — Шчорсы — Наваградак — Сьвіцязь

«У Міры былі практычна ўсе, але ня кожны заходзіў у касьцёл Сьвятога Мікалая. Там працуе даглядчыца з Польшчы, якая раскажа вельмі цікавыя гісторыі пра гэтае месца, як сапраўдны экскурсавод, і пажадае вам шчасьлівай дарогі», — кажа Ксенія.

(Мір. Фота Ксеніі Бягун)

«У Шчорсах пабачыце вялікі сядзібны комплекс Храптовічаў, дзе можна трапіць у сутарэньні. Побач сядзіба, якую можна арандаваць і адпачыць на гістарычным месцы. У лесе каля стадыёна — рэшткі дуба філяматаў, ля яго стаяў Міцкевіч».

(прыкладныя каардынаты дуба 53.654971, 26.171580)

(Шчорсы. Фота Ксеніі Бягун)

Наведаць Наваградак варта, каб убачыць месца, дзе нарадзілася ВКЛ, раіць Ксенія, а ў самім горадзе цікавая архітэктура.

Завяршыць падарожжа можна, назіраючы захад сонца на возеры Сьвіцязь.

Круцімся вакол Баранавічаў

Сядзіба ў Флер’янове — Ястрамбель (53.031249, 25.959302) — палац Бохвіцаў у Паўлінаве — Баранавічы — помнік Польскаму Легіёну каля вёскі Арабаўшчына (53.251475, 26.077920) — Калдычэўскі лягер сьмерці.

Баранавічы дзеляць маршрут на дзьве часткі: сядзібы і вайна. Маршрут вялікі, таму разьлічвайце свой рэсурс, папярэджвае Ксенія.

Сядзіба ў Флер’янове, якой апякуюцца Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч (больш падрабязна пра месца па спасылцы https://imenamag.by/posts/lords-of-manor)

«Вельмі прыемная пара, да якіх можна завітаць у госьці, паслухаць цікавыя гісторыі і песьні. Можна пакінуць грошы на разьвіцьцё сядзібы ў шкатулцы з жалудамі».

«Помнік Легіёну ў лесе, дарога туды ня самая лепшая, у дождж ехаць ня трэба, бо мы практычна захрасьлі! Побач ёсьць комплекс абарончых будынкаў».

Вакол Смаргоняў

Наваспаск — Залесьсе — Беніца

Зруйнаваны падчас вайны храм

Закінуты касьцёл (там, дзе Ксенія зь сябрамі знайшла косткі і кажаноў)

Можна дадаць доты і іншыя месцы зь Першай сусьветнай, іх там шмат. Але Ксенія раіць зрабіць асобны тур па месцах памяці (вайсковыя могілкі, абарончыя будынкі, помнікі).

Напрыклад:

Дубатоўка 54.593662, 26.509179 (нямецкія доты з барэльефамі) — Абрамаўшчына 54.605754, 26.531853 (нямецкая палявая кухня)

Дзяўчына папярэджвае, што дарога там дрэнная, але кароткая.

Топ месцаў ад Ксеніі недалёка ад Менску

Станькава, Дзяржынскі раён.

Домік для прынцэсы, прыгожы парк, утульная альтанка, царква. Па дарозе можна спыніцца і паглядзець дот, які відаць з трасы (53.657356, 27.104545).

Прылукі

Сядзіба Чапскага, алея, гаспадарчыя будынкі на беразе возера.

Дружны

«Тут можна пабачыць незвычайныя фантаны, якія належаць да ЦЭЦ 5 (53.619361, 27.930072). Вельмі рамантычна, калі сядае сонца. Мясцовыя любяць гуляць і рабіць шашлыкі. Побач ёсьць возера, дзе можна купацца і вудзіць рыбу (53.623367, 27.932768)».

Першамайск — Наднёман (Узьдзенскі раён)

53.4435858430414, 27.155703325114295 53.345713359782806, 27.08111641001971

«Першамайск — кальвінскі збор XVI стагодзьдзя, незвычайнае спалучэньне рэштак старой сядзібы з выставай савецкіх трактароў. Там мы сустрэлі мясцовую пісьменьніцу Зою Калкоўскую з роварам, якая вельмі рада паразмаўляць з турыстамі».

Наднёман — прыгожае месца і сядзіба, якую аднаўляюць.

Таксама ў маршрут можна дадаць Белую Лужу — шпацыр гадзіны на дзьве, вузкакалейка праз гай, торфазавод.

Ксенія раіць пакінуць машыну, пачаць прагулку тут (53.355598, 27.521176) і скончыць тут (53.334746, 27.526544). Пры гэтым раіць браць абутак, які не баіцца бруду

Топ месцаў далей ад Менску, паводле Ксеніі

Салігорскія горы

«Заяжджаем з боку вёскі Чапялі (52.87885924465202, 27.476372304681732) ці з Салігорску ў бок станцыі Калій-3. Лепш выбірайце выходны, каб нікога з рабочых не было. Будзьце асьцярожныя, глядзіце пад ногі, не стварайце небясьпечных сытуацый».

Форт № 5 (Берасьце)

«Нават ня ўсе берасьцейцы ведаюць пра гэтае месца. Нядаўна там была рэканструкцыя, правялі сьвятло, зрабілі экспазыцыю. Уваход каля 8–10 рублёў».

Кляштар картузаў у Бярозе

***

Таксама Ксенія раіць розныя крыніцы, якімі можна карыстацца, каб плянаваць маршруты:

Instagram: @palasatka, @polina.belarus, @metravelby, @poshyk.info, @travelbelarus, @zabroshka.by

Youtube: «Едзем», «Годныя вандроўкі»

Сайты: https://globustut.by, Go to Belarus (спэцпраект 34travel.me)