Горадзенскі абласны суд накіраваў на новы разгляд справу рэдактаркі спэцпраектаў парталу Hrodna.life Ірыны Новік за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Пастанова суду Ленінскага раёну Горадні аб штрафе скасаваная, піша «Белсат».
«Пастанову судзьдзі нельга прызнаць законнай, яе належыць адмяніць, а справу накіраваць на новы разгляд», — гаворыцца ў лісьце з подпісам судзьдзі Горадзенскага абласнога суду Віктара Сянько.
Ірыну Новік затрымалі 1 чэрвеня. 3 чэрвеня яе аштрафавалі на 725 рублёў у адміністрацыйнай справе за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суду яна знаходзілася ў ІЧУ, ёй забаранялі сядзець у дзённы час, яна нічога ня ела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страшна сьмярдзіць шкарпэткамі і бядой». Рэдактарка Hrodna.life пра тое, як турма мяняе чалавека нават за 2 дніІрына падала скаргу на рашэньне суду, у якой адзначыла, што судзьдзя парушыў яе права на абарону: за 2 гадзіны да суду ейная адвакатка накіравала ў суд хадайніцтва аб удзеле ў працэсе, але яе не запрасілі на пасяджэньне. Судзьдзя абласнога суду пагадзіўся, што недапушчэньне адваката — істотнае парушэньне нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Hrodna.life ужо некалькі разоў судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Першы суд адбыўся 19 сакавіка, суд Ленінскага раёну прысудзіў рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоту штраф у 11 600 рублёў як прадстаўніку арганізацыі і 725 рублёў як фізычнай асобе. Апэляцыю не ўхвалілі, а выплаціць штраф у растэрміноўку на паўгода рэдакцыі не дазволілі.
18 чэрвеня рэдакцыі прысудзілі другі штраф, максымальна магчымы — 14 500 рублёў. Таксама 20 чэрвеня рэдактар атрымаў папярэджаньне ад пракурора Горадні Ўладзімера Клішына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал Hrodna.life прызналі «экстрэмісцкім». Суд быў закрыты