«Для комплекснага вырашэньня пытаньняў абыходжаньня з радыяактыўнымі адходамі да 2030 году спатрэбіцца будаўніцтва ў краіне рэспубліканскага пункту захоўваньня радыяактыўных адходаў», — сказаў Віктар Каранкевіч, якога цытуе афіцыйны тг-канал Мінэнэрга.
Паводле яго, да работ па вызначэньні месца, дзе ўзьвесьці такое сховішча, прыцягнуць у тым ліку навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук.
Чыноўнікі таксама хочуць стварыць дэпартамэнт абыходжаньня з радыяактыўнымі адходамі і адмысловую арганізацыю, якая стане нацыянальным апэратарам у зборы, перапрацоўцы, захоўваньні і захаваньні такіх адходаў.
22 ліпеня на нарадзе Савета Міністраў і Аляксандра Лукашэнкі адзначылі, што ў хуткім часе ў эксплюатацыю ўвядуць другі энэргаблёк Беларускай АЭС, якая стане асноўнай крыніцай радыяактыўных адходаў.
У сховішча, якое маюць намер узьвесьці, імаверна, змогуць зьмяшчаць нізкаактыўныя і сярэднеактыўныя адходы. Высокаактаўныя па сканчэньні праектнага тэрміну захоўваньня ў адмыслова абсталяваным адсеку (60 гадоў) належыць разьмяшчаць у пункце пахаваньня ў глыбокіх геалягічных фармацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітыка мацнейшая за эканоміку». Менск адрэагаваў на адмову Ўкраіны імпартаваць электраэнэргію зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зноў зьвярталася да Ўкраіны па энэргадапамогу. Цяпер праз пажар на Лукомскай ДРЭС