Па зьвестках ПЭН-цэнтру, за першае паўгодзьдзе сёлета зафіксаваны 621 выпадак парушэньня культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры.
Колькасьць парушэньняў за студзень–чэрвень большая за аб’ём сытуацый, зафіксаваных за ўвесь 2020 год (593).
«Можна сьцьвярджаць, што ціск і рэпрэсіі, якія асабліва моцна праявіліся са жніўня 2020 году, пачынаючы з пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі, па-ранейшаму не слабеюць, набываюць новыя формы і закранаюць усё шырэйшае кола суб’ектаў культуры Беларусі», — гаворыцца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі фонд культурнай салідарнасьці стаў Беларускай радай культуры і выдаў маніфэстПраваабаронцы прыводзяць дынаміку зафіксаваных парушэньняў, пачынаючы з 2020 году: паводле дадзеных ПЭН-цэнтру, з агульнай колькасьці палітвязьняў (на гэты момант іх лічба складае 579 чалавек) 39 належаць да дзеячаў культуры.
Сярод іх:
- пісьменьнік і грамадзка-палітычны дзеяч Павал Севярынец,
- адвакат, паэт і аўтар-выканаўца песень Максім Знак;
- мэцэнат Віктар Бабарыка;
- паэт і рэжысэр Ігнат Сідорчык;
- актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок;
- літаратар і культуроляг Юлія Чарняўская;
- аўтарка кнігі і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава);
- паэт і сябра «Саюзу палякаў Беларусі» Андрэй Пачобут;
- паэт, журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў;
- музыкант і мэнэджар культурных праектаў Марыя Калесьнікава;
- музыкант Ігар Банцэр;
- мэнэджар культурных праектаў і бізнэсовец Аляксандар Васілевіч;
- мэнэджар культуры Эдуард Бабарыка;
- старшыня «Саюзу палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс;
- арт-дасьледчыца Ала Шарко;
- мастак Алесь Пушкін;
- актор Сяргей Волкаў;
- паэтка і публіцыстка, студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот;
- студэнткі факультэту эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько;
- студэнтка факультэту экспазыцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік;
- і іншыя.
За першае паўгодзьдзе 2021 году 24 дзеячы культуры, у дачыненьні якіх вядзецца крымінальны перасьлед, былі незаконна асуджаныя.
Сярод іх як тыя, каго прызналі палітвязьнямі, так і асобы бяз гэтага статусу. 13 дзеячаў культуры асудзілі на тэрмін ад 2 да 8 гадоў калёніі (7 чалавек — калёніі ўзмоцненага рэжыму), 9 чалавек — на 1,5–3 гады «хіміі», 2 — на 1-2 гады «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).
«Характэрная асаблівасьць другой паловы паўгодзьдзя палягае ў тым, што дзеячы культуры, якія былі асуджаныя на „хімію“ і адпушчаныя пасьля абвяшчэньня прысуду на некаторы час дадому, у чэрвені сталі атрымліваць накіраваньні для адбыцьця пакараньня ва ўстановах адкрытага тыпу», — зазначылі праваабаронцы.
Таксама ПЭН-цэнтар зьвярнуў увагу на ўмовы ўтрыманьня ў закрытых установах:
«У дадзены пэрыяд мы вылучаем 44 сытуацыі з апісаньнем або згадваньнем тых умоў, у якіх знаходзяцца зьняволеныя. Гэта толькі тыя факты, што дайшлі да нас празь СМІ, праз публікацыі сваякоў. Мы разумеем, што існыя абмежаваныя крыніцы інфармацыі, цяжкасьць, а часта адсутнасьць ліставаньня са зьняволенымі, жорсткія рамкі турэмнай цэнзуры не даюць нам магчымасьці заяўляць аб паўнаце інфармацыі, але нават па наяўных фактах мы сьцьвярджаем пра тое, што ўмовы ўтрыманьня ў дачыненьні „палітычных“ зьняволеных уяўляюць сабой як мінімум жорсткае і прыніжальнае для годнасьці абыходжаньне, а ў шэрагу выпадкаў маюць прыкметы катаваньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зварот у падтрымку горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» падпісала амаль тысяча чалавекУ сьпісе найбольш часта парушаных правоў у дачыненьні да дзеячаў культуры і асоб, якія рэалізоўвалі свае культурныя правы, згаданыя сытуацыі адвольнага затрыманьня, крымінальнага перасьледу, незаконнага асуджэньня і некаторыя іншыя.
«Іншадумства (погляды, адрозныя ад тых, што трансьлююць прадстаўнікі дзяржаўнай улады) — галоўная нагода пачаць перасьлед чалавека», — адзначаюць у ПЭН-цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове адбыўся канцэрт беларускай культурнай салідарнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70 навукоўцаў, літаратараў і грамадзкіх дзеячаў прапанавалі плян паратунку беларускай мовы і культуры