На мінулым тыдні Эўрапейская камісія апавясьціла Вугоршчыну як краіну Эўраэьвязу, што пачынае супраць яе юрыдычны працэс, які ў выніку можа прывесьці да разгляду справы ў Эўрапейскім судзе. Акрамя таго, Эўракамісія замарозіла заяўку Вугоршчыны на яе долю памерам некалькі мільярдаў эўра з агульнаэўрапейскага фонду барацьбы з наступствамі пандэміі.
Да гэтага прыняты ў пачатку чэрвеня вугорскі закон аб абароне дзяцей, а дакладней ўнесеныя ў яго ў апошні момант дапаўненьні, якія датычаць сэксуальнай адукацыі і сэксуальных меншасьцяў, асудзілі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў 17 з 27 краін ЭЗ.
У адказ на гэта Віктар Орбан у сераду абвясьціў у відэазвароце ў Фэйсбуку, што Вугоршчына правядзе рэфэрэндум па тэмах, якіх тычацца гэтыя дапаўненьні.
«Вырашаецца пытаньне будучыні нашых дзяцей, і мы ня маем права адступіць», — заявіў вугорскі прэм’ер.
Калі пройдзе рэфэрэндум, Орбан не сказаў, але паведаміў, што ў бюлетэні будуць уключаныя некалькі пытаньняў: ці падтрымліваюць грамадзяне арганізацыю ў школах урокаў на тэму сэксуальнай арыентацыі бяз згоды бацькоў, ці лічаць яны неабходнай прапаганду зьмены полу сярод дзяцей, ці згодныя з абмежаваньнямі на паказ дзецям матэрыялаў, якія могуць паўплываць на сэксуальную арыентацыю, а таксама матэрыялаў аб зьмене полу.
Новы закон аб абароне дзяцей усё гэта забараняе, як і паказ у тэлевізіі чаго-небудзь што датычыць сэксуальных меншасьцяў і зьмены полу да 11 вечара і без маркіроўкі 18+.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На саміце ЭЗ разгарэлася спрэчка пра вугорскі закон аб «прапагандзе ЛГБТ»Разам з тым мэр Будапэшту і апанэнт Орбана Гергей Карачань заявіў, што хоча ініцыяваць чарговы рэфэрэндум аб дзеяньнях ураду.
Паводле мэра, ліберала, які разглядае магчымасьць канкураваць з Орбанам на выбарах у наступным годзе, ініцыяваны ім рэфэрэндум павінен спытаць у вугорцаў, што яны думаюць пра асноўныя палітычныя крокі ўраду Орбана, як ён спраўляецца з пандэміяй каранавірусу і пра супярэчлівыя кітайскія інвэстыцыі ў горад, улучна з заплянаваным кітайскім унівэрсытэтам, які выклікае значныя спрэчкі.
Мэр Карачань цьвердзіць, што рэфэрэндум, які плянуе Орбан, накіраваны толькі на тое, каб адцягнуць увагу вугорцаў ад іншых пытаньняў унутранай палітыкі.