Грамадзкія актывісты, сябры і калегі абвінавачаных у забойстве журналіста Паўла Шарамета ўвечары 20 ліпеня прыйшлі да будынку Міністэрства ўнутраных справаў Украіны з патрабаваньнем спыніць перасьлед людзей, якіх пратэстоўцы лічаць невінаватымі ў злачынстве, і перадаць справу на расьсьледаваньне з Нацыянальнай паліцыі ў іншыя органы дасудовага расьсьледаваньня.
Удзельнікі акцыі заклікалі сьледчых шукаць сапраўдных забойцаў журналістаў, а не «прызначаць на іх ролю невінаватых людзей».
![](https://gdb.rferl.org/f801fb4a-f029-4db1-9310-82aff619adf8_w1080_h608_b_s.jpg)
![](https://gdb.rferl.org/925c5eb5-e509-4f5c-80bb-f3bc665bbc46_w1080_h608_b_s.jpg)
Паводле адвакатаў, якія выступілі на акцыі, у матэрыялах справы адсутнічаюць доказы вінаватасьці Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар. Абаронцы паведамілі, што ім не дазволілі знаёміцца з матэрыяламі, якія сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць гадоў без Шарамета. Шэсьць галоўных аспэктаў справы пра забойства журналістаУдзельнікі акцыі таксама патрабавалі правесьці ўнутранае расьсьледаваньне ў Нацыянальнай паліцыі, каб пакараць тых, хто, паводле іх, фальсыфікаваў справу.
У ахове грамадзкага парадку былі задзейнічаныя сілы Нацыянальнай гвардыі і паліцыі, якія ахоўвалі міністэрства. Каб трапіць на акцыю, паліцэйскія прасілі журналістаў і ўдзельнікаў паказаць ім свае торбы і заплечнікі, пытаючыся пра наяўнасьць небясьпечных рэчываў.
Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.