Для мяне самае цяжкае пытаньне нашага жніўня — гэта ці не шкадую я, што за ўздым беларускага грамадзтва яно плаціць такую высокую цану ў выглядзе сьмерцяў, катаваньняў, рэпрэсіяў дый адкату ўсёй краіны ў цёмныя часы. Безумоўна, што так. Гэта велізарныя ахвяры, якія пакуль не прывялі да дэмакратызацыі краіны, а цяпер у беларускага грамадзтва няма сілаў нават каб зьнесьці сьметніцу, якую паставіла ўлада на месцы забойства Тарайкоўскага.
Але з шкадаваньня ня варта рабіць высноваў, што ўсё было дарма. Яшчэ горай лічыць, што Беларусь 2019 году была нармальнай краінай, у якую варта імкнуцца.
Калі павярнуць пытаньне, ці пайшоў бы я зноў 9 жніўня на вуліцу, ведаючы, дзе мы ўсе акажамся, то адказ мой быў бы станоўчы. Вядома, хацелася б, каб шмат што было інакш: каб замест паразы народнага бунту мы пабачылі палітычную перамогу, якая б рабілася з разуменьнем рэаліяў Беларусі. Жыць цяпер толькі шкадаваньнямі — па-чалавечы нармальна, можа, інтэлектуальна нават разумна, але палітычна шкодна.
Якімі б жахлівымі ні былі падзеі, дзякуючы ім мы пабачылі, як зь «Белоруссии» вылупілася Беларусь. Беларуская нацыя да жніўня 2020 году — гэта была тэарэтычная канструкцыя, зь якой гуляліся інтэлектуалы ды псэўдаінтэлектуалы: нечым пагарджалі, нечым захапляліся, але па факту само існаваньне беларускай нацыі не было пацьверджанае. Дастаткова паглядзець прагляды беларускага кантэнту на Youtube цяпер і да мінулага лета — беларусы самі сабой не цікавіліся. Мы не былі сабой.
Цяпер жа беларусы — гэта нацыя, за будучыню якой паміраюць людзі і ўсе ўсьведамляюць, што, нягледзячы на сёньняшнюю дэпрэсію, наступны ўздым будзе, хоць ён і зацягнецца па часе. Беларусы паказалі, што могуць быць суб’ектам, а не аб’ектам палітыкі. Калі ранейшая Беларусь — гэта быў амаль толькі Лукашэнка, то цяперашняя Беларусь — гэта тыя сотні тысячаў, якія выходзілі па ўсёй краіне. Выраз «беларус беларусу беларус» зьмяніў сваё значэньне на 180 градусаў — хоць, натуральна (і на жаль), не для ўсіх. Слова «народзец», здаецца, зьнікла зусім.
Цяпер беларуская гісторыя — гэта не гісторыя пра вайну сярэдзіны мінулага стагодзьдзя і не заклінаньні продкаў, якія былі ці то беларусамі, ці то ліцьвінамі, ці то палякамі, ці то заходнярусамі, ці то невядома кім. Беларуская гісторыя цяпер — гэта 2020 год, які, магчыма, найважнейшы ў гэтай гісторыі. Я цалкам дапускаю, што праз 10 гадоў галоўным беларускім годам будзе ўспрымацца не 1991, 1945, 1918, 1917, а менавіта 2020 год.
Што яшчэ адрозьнівае гэтую дату — тое, што гэта выключна нашая гісторыя, а ня штосьці, што адбываецца ў гэты ж самы момант у некалькіх краінах. Гэта не прыйшло да нас ані з усходу, ані з захаду, за гэтымі падзеямі нават сьледчыя Лукашэнкі ня здолелі знайсьці замежных «лялькаводаў».
Урэшце, ці магчымае ў прынцыпе такое зрушэньне без ахвяраў? Вядома, што можна думаць, што магчыма са зьняволеньня выйсьці прыгожа. Што вось учора дзевяць з паловай мільёнаў людзей жылі ў дыктатуры, а сёньня ў квітнеючай дэмакратыі, і гэта адбылося само сабой, нават на вуліцы ня трэба было выходзіць, хіба толькі адсьвяткаваць.
Ня варта ўпадаць у ілюзію, што быў магчымы нейкі іншы — цывілізаваны — пераход з той краіны, у якой мы жылі, у новую Беларусь. Тэарэтычна ўсё магчыма, а практычна? Таму, безумоўна, мы абавязаныя шкадаваць забітых людзей і пакалечаныя лёсы (асабліва зважаючы, што іх лік працягвае расьці), але ня менш за гэта важна думаць пра тое, як найхутчэй завяршыць гэты этап беларускай гісторыі.
Бо ўсё ж галоўным індыкатарам таго, ці варта было Беларусі праходзіць праз гэтыя пакуты, будзе канчатковы вынік. Калі мы акажамся нечым кшталту ДНР, то ўсё было дарма, і будзем мы шкадаваць ня толькі аб страчаных людзях і здароўі.
У праекце таксама чытайце:
«Неверагодны 2020-ы». Сьвятлана Алексіевіч: «Трэба назапашваць новую эліту і ня ўпасьці ў роспач»«Неверагодны 2020-ы». Сяргей Абламейка: «У 2020 годзе беларуская нацыя зноў заявіла сьвету пра сябе»Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»
Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.
Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».
Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.
Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.
На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.
- 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
- Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?