Калёнія ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыях пратэсту
19-гадовага жыхара Менска асудзілі на 4 гады калёніі за ўдзел у пратэстах пасьля сфальшаваных выбараў. Да суду ён быў на волі.
Як паведамляе «Вясна», 20 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі 19-гадовага Ігара Гантавога. За ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту 9–11 жніўня ў Менску яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). «Менсктранс» налічыў амаль 28 тысяч рублёў шкоды ад прастою транспарту ў тыя дні.
Ігар да суду быў на волі пад паручальніцтвам сваякоў, але яго ўзялі пад варту ў залі суду пасьля абвяшчэньня прысуду.
«Хатняя хімія» за палітычныя надпісы на Слонімшчыне
У Слоніме абвешчаны чарговы прысуд у крымінальнай справе палітычнага характару. Асудзілі мясцовага жыхара Віталя Маркевіча, піша «Гарадзенская вясна».
Слонімца судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу за тое, што Маркевіч выканаў графіці «асабліва цынічнага зьместу». Гэта частка 1 артыкула 339 («Хуліганства») і 341 («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці ў грамадзкіх месцах») КК.
Маркевіч летась пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і зьбіваньня людзей на мірных акцыях зрабіў некалькі графіці на розных аб’ектах Слоніма і Слонімскага раёну, у вёсцы Шылавічы, у тым ліку на прыпынках. Адзін з надпісаў тычыўся начальніка мясцовага РАУС, сэнс яго быў такі, што «народ не даруе».
Судзьдзём на працэсе выступіў Аляксандар Ярмолік, дзяржабвінавачваньне прадстаўляў старшы памочнік пракурора Ўладзімер Калесьнікаў.
У Маркевіча чацьвёра непаўналетніх дзяцей. Ярмолік 19 ліпеня прысудзіў яму па сукупнасьці абмежаваньне волі на 1 год і 1 месяц без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Рэчавыя доказы, у тым ліку нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, сьцяжок і значок, судзьдзя пастанавіў зьнішчыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія ўлады могуць запатрабаваць 100-разовую кампэнсацыю за графіціШто такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах