Праваабарончы цэнтар «Вясна» склаў сьпіс самых рэпрэсіўных судзьдзяў Менску, якія ад пачатку леташняй выбарчай кампаніі асудзілі сотні беларусаў за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.
Агулам самы рэпрэсіўны суд у Савецкім раёне Менску. Ад леташняга траўня паводле палітычных артыкулаў тут засудзілі амаль 1000 чалавек. У Фрунзэнскім — 770, у Першамайскім — блізу 700. Найменей пакараных у Кастрычніцкім судзе — крыху больш за 400 чалавек.
1. Абсалютным «лідэрам» рэйтынгу стаў судзьдзя Першамайскага раёну Менску Максім Трусевіч. За мінулы год ён асудзіў больш за 250 чалавек: 182 пакараў агулам на 2785 дзён арышту, яшчэ 69 аштрафаваў на 2 220 базавых велічыняў. Трапіў пад санкцыі Эўразьвязу з чацьвёртага пакету.
2. На другім месцы «рэпрэсіўнага сьпісу» судзьдзя Марына Фёдарава з суду Савецкага раёну. Ад пачатку перадвыбарнай кампаніі асудзіла больш за 220 чалавек у «адміністрацыйках»: 149 пакарала арыштам на 2167 сутак, 75 аштрафавала на 1835 базавых велічыняў. У трэцім санкцыйны пакеце.
3. Трэцяе месца займае судзьдзя Цэнтральнага раёну Дзьмітры Карсюк. На ягоным рахунку 138 арыштаваных на 2033 сутак, 58 атрымалі шрафы на 2240 базавых велічыняў. Вынес амаль 200 пастановаў. У сваім судзе часьцей за ўсіх разглядае «палітычныя» справы без «дапрацоўкі».
4. Судзьдзя Савецкага раёну Менска Алена Жуковіч за год асудзіла блізу дзьвюх сотняў чалавек: 128 фігурантаў арыштавала на 1708 сутак і 67 аштрафавала агулам на 2150 базавых велічыняў. Судзіць за ўсё: ад бел-чырвона-белага шаліка да ўскладаньня кветак.
5. Яшчэ адзін прадстаўнік Савецкага суду — Сяргей Шаціла. Асудзіў за мірныя акцыі пратэсту прыкладна 183 чалавекі: 118 арыштаваў на 1727 сутак і 65 аштрафаваў агулам на 2241 базавую велічыню. Трапіў у чацьвёрты санкцыйны пакет.
6. На падставе рашэньняў судзьдзі Першамайскага раёну Анастасіі Ляйкоўскай, якая яшчэ ня трапіла ні ў адзін санкцыйны сьпіс, за мінулы год арыштавалі мінімум 109 чалавек на 1290 дзён і 69 аштрафавалі на 1684 базавыя велічыні. Агулам ад палітычнай судзьдзі пацярпелі 178 чалавек.
7. Наступны судзьдзя, які трапіў пад санкцыі, — Аляксандар Воўк з суду Савецкага раёну Менску. За ім лічыцца 172 рашэньні ў палітычных справах. Ён арыштаваў ня менш за 90 менчукоў агулам на 1250 сутак і аштрафаваў 82 чалавекі на 2233 базавых велічыняў.
8. Самая актыўная ў рэпрэсіях судзьдзя Фрунзэнскага раёну — Марыя Ярохіна. Асудзіла мінімум 155 чалавек па «народных артыкулах», хоць актыўна пачала судзіць толькі з канца восені. Арыштавала мінімум 105 чалавек на 1587 сутак і аштрафавала ня менш за паўсотні на 2322 базавыя велічыні.
9. Судзьдзя Ленінскага раёну Тацяна Шоцік з траўня 2020 году асудзіла мінімум 144 чалавекі, зь якіх 102 адправіла за краты на 1211 сутак і аштрафавала 42 фігуранты агулам на 1050 базавых велічыняў. Судзіла баскетбалістку Алену Леўчанку і журналістку Tut.by Надзею Калініну.
10. Вядомая цягам апошняга дзесяцігодзьдзя судзьдзя Цэнтральнага раёну Вікторыя Шабуня за мінулы год арыштавала 89 чалавек на 1140 сутак і ашрафавала яшчэ 41 на 1275 базавых. Агулам з траўня 2020-га пакарала больш за 130 чалавек. Судзьдзю ўключылі ў трэці пакет санкцый Эўразьвязу.
Цалкам «чорны сьпіс» менскіх судзьдзяў ТУТ.