Амэрыканскі сэнатар Крыс Мэрфі, сябра сэнацкага камітэту зьнешніх сувязяў лічыць, што ЗША разам з саюзьнікамі ў Эўропе павінны ўкласьці значна больш рэсурсаў у незалежныя СМІ ў Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве сэнатара Мэрфі, пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў у Беларусі. Ён выказаў заклапочанасьць ператрусам у офісе Радыё Свабода, затрыманьнямі журналістаў і праваабаронцаў.
«Новыя эканамічныя санкцыі, уведзеныя ЗША і ЭЗ, павінны быць цалкам рэалізаваныя, а таксама падрыхтаваны новы пакет санкцый на выпадак, калі рэпрэсіі будуць узмацняцца. Акрамя таго, надышоў час Злучаным Штатам — сумесна з нашымі саюзьнікамі ў Эўропе — укласьці значна больш рэсурсаў у незалежныя СМІ ў такіх месцах, як Украіна і Беларусь», — сказаў Мэрфі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская пачала рабочы візыт у ЗША- Камітэт па міжнародных сувязях сэнату ЗША нядаўна прагаласаваў за папраўку сэнатара Мэрфі аб падвойным фінансаваньні Цэнтру глябальнага ўзаемадзеяньня, які фінансуе незалежныя мэдыя.
- У траўні Мэрфі разам зь яшчэ двума амэрыканскімі сэнатарамі сустрэліся ў Літве са Сьвятланай Ціханоўскай. Яны абмеркавалі рост парушэньняў правоў чалавека ў дачыненьні да палітычнай апазыцыі ў Беларусі.
- 18 ліпеня пачаўся візыт Сьвятланы Ціханоўскай у ЗША. У яе заплянаваныя сустрэчы на высокім узроўні ў Дзяржаўным дэпартамэнце і Белым доме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія сэнатары сустрэліся ў Вільні зь Ціханоўскай і запрасілі яе ў Вашынгтон