Беларускіх кнігароў падазравалі ва ўхіленьні ад падаткаў у буйных памерах. Як паведаміў Свабодзе дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі, сёньня ён наведаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, дзе даведаўся пра спыненьне справы.
Яму вярнулі канфіскаваную тэхніку, рахункі выдавецтваў разблякавалі яшчэ ў пачатку чэрвеня. Не вярнулі пакуль кнігі, паколькі яшчэ няма вынікаў экспэртызы.
Па справе кнігароў праходзілі выдавецтвы «Кнігазбор», «Янушкевіч», студыя «Адліга», Knihi.by. Выдаўцы не выключалі вымушанага спыненьня дзейнасьці праз вычарпанасьць унутраных рэсурсаў.
Рахункі незалежных выдавецтваў і распаўсюднікаў, якія не карысталіся дзяржаўнымі датацыямі, арыштавалі сёлета ў студзені. Кіраўнікі сталі фігурантамі крымінальнай справы аб гаспадарчай дзейнасьці, іх прымусілі напісаць падпіску аб невыдаваньні зьвестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разблякавалі рахункі трох выдаўцоў і распаўсюднікаў беларускамоўнай літаратуры