Да гэтага прызначэньня Дзяніс Манастырскі ачольваў парлямэнцкі камітэт праваахоўнай дзейнасьці, а да выбараў у Вярхоўную Раду працаваў экспэртам Украінскага інстытуту будучыні, які зьвязваюць з Арсэнам Авакавым.
Выступаючы ў парлямэнце перад галасаваньнем Дзяніс Манастырскі заявіў, што ягонымі прыярытэтамі на пасадзе міністра ўнутраных спрваў будзе барацьба з арганізаванай злачыннасьцю, а таксама далейшае рэфармаваньне патрульнай паліцыі і ўзмацненьне бясьпекі руху на дарогах.
У той жа час Дзяніс Манастырскі не паведаміў, якія чынам будзе рэагаваць на шэраг рэзанансных крымінальных справаў, у тым ліку пра забойства журналіста паўла Шарамета.
На адпаведнае пытаньне дэпутатаў, новы міністар адказаў: «Наконт справы Паўла Шарамета. Зараз справа знаходзіцца ў судзе. Давайце дачакаемся гэтых вынікаў, а пасьля гэтага будуць зробленыя неабходныя высновы наконт якасьці працы праваахоўнай сыстэмы».
Арсэн Авакаў, які працаваў на пасадзе міністра ўнутраных справаў зь лютага 2014 году, заявіў пра адстаўку 13 ліпеня — за тыдзень да чарговай гадавіны з дня забойства Паўла Шарамета. 15 ліпеня ягоную адстаўку падтрымала і Вярхоўная Рада Ўкраіны.
Гісторыя справы
У красавіку кіеўскі суд вызваліў з-пад варты пад хатні арышт трэцяга абвінавачанага — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку, якога спачатку абвінавачвалі ў арганізацыі злачынства, а потым зьмянілі абвінавачаньне, назваўшы яго выканаўцам.
Яшчэ адну з абвінавачаных у датычнасьці да забойства Паўла Шарамета — дзіцячага кардыёляга Юлію Кузьменку — суд вызваліў з-пад варты пад хатні арышт у жніўні 2020-га. Трэцяя падазраваная — вайсковы мэдык Яна Дугар — ад самага пачатку была пад начным хатнім арыштам, а летась суд зьняў зь яе і электронны бранзалет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы хірург, кантрактнік, валянтэрка. Што вядома пра падазраваных у забойстве ШараметаІхныя імёны як падазраваных у арганізацыі і забойстве журналіста назвалі 12 сьнежня 2019 году. На брыфінг, арганізаваны Нацыянальнай паліцыяй Украіны, былі запрошаныя прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў і тагачасны генэральны пракурор Руслан Рабашапка, што выклікала моцную крытыку з боку экспэртаў і СМІ.
Пазьней прэзыдэнт Украіны сказаў, што ня бачыў нічога кепскага ў сваёй прысутнасьці на гэтай прэсавай канфэрэнцыі. Але потым кожны раз папярэджваў пра адказнасьць міністра ўнутраных спраў у выпадку памылковых абвінавачаньняў і расьсьледаваньня.
«Я гатовы несьці адказнасьць і не здымаю яе зь сябе. Калі сьледзтва было праведзена няправільна, зь вялікімі памылкамі, нешта было спэцыяльна зроблена супраць затрыманых, я гатовы зрабіць сур’ёзныя высновы, кадравыя высновы там, дзе я магу ўплываць», — заяўляў Уладзімір Зяленскі.
«Цяпер гэтую справу вядзе і адказвае міністар унутраных спраў Авакаў. Ён гэта ведае. І ён адказны за вынік гэтай справы. Калі сьледзтва, а потым суд, давядуць, што яны забойцы, то яны сядуць у турму; калі не — будуць несьці адказнасьць тыя людзі, якія давялі гэтую справу да суду і абвінавацілі невінаватых людзей. Вось і ўсё».
У траўні 2020 году сьледзтва зьмяніла фармуляваньне абвінавачаньня, у якім Андрэй Антоненка быў ужо не арганізатарам, як спачатку, а, як і Юлія Кузьменка разам зь Янай Дугар, выканаўцам забойства.
Новыя абставіны
Сёлета 4 студзеня брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запіс з кабінэту Зайцава значна даўжэйшы», — аўтар расьсьледаваньня EUObserverАўдыё і апэратыўныя дакумэнты перадаў журналістам для расьсьледаваньня старшы лейтэнант Ігар Макар — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз». Украінскае сьледзтва дапытала яго як сьведку.
Атрыманыя ад яго аўдыёзапісы размоў у КДБ Беларусі Нацыянальная паліцыя Ўкраіны перадала на фонаскапічную экспэртызу.
Суд пачаў разгляд справы ў верасьні 2020 году.