У афіцыйным папярэджаньні гаворыцца, што Беларуская асацыяцыя журналістаў не прадставіла запатрабаваныя раней дакумэнты, а таксама ў ведамства ўзьніклі пытаньні адносна юрыдычных адрасоў некаторых філій.
Міністэрства юстыцыі загадвае прыняць меры па ліквідацыі парушэньняў, пра што праінфармаваць да 16 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаўПрадстаўнікі БАЖ паспрабавалі трапіць у офіс арганізацыі, але ён апячатаны пячаткай МУС. Паводле адміністрацыі будынку, ператрус праводзілі сьледчыя пры падтрымцы байцоў СОБР.
Што тычыцца самога папярэджаньня, у арганізацыі паведамляюць, што намесьнік міністра юстыцыі Сяргей Каліноўскі нібыта вынес яго тыдзень таму — прынамсі на канвэрце на штампе адпраўкі значыцца 9 ліпеня. Аднак трэкінг заказных лістоў «Белпошты» паказвае, што ад адпраўніка яго прынялі толькі 13 ліпеня — за дзень да атакі на БАЖ.
Беларуская асацыяцыя журналістаў зьбіраецца праінфармаваць Міністэрства юстыцыі пра адсутнасьць магчымасьцяў доступу да статутных дакумэнтаў, пячаткі арганізацыі і дамоваў арэнды, пра якія вядзецца ў папярэджаньні. Пры гэтым невядома, якія канкрэтна рэчы забралі сілавікі.
Першы сёлета ператрус у офісе БАЖ прайшоў 16 лютага. Пасьля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі на допыты ў Сьледчы камітэт.