Суд Эўразьвязу адхіліў апэляцыю Нямеччыны і падтрымаў патрабаваньне Польшчы абмежаваць на 50 адсоткаў магутнасьць газаправоду Opal — працягу «Паўночнага патоку» па Нямеччыне да мяжы з Чэхіяй.
На падставе прынцыпу энэргетычнай салідарнасьці суд вырашыў, што судовая пастанова зь верасьня 2019 году датычна пазову Варшавы была абгрунтаваная.
У «Паўночнага патоку» дзьве сухапутныя лініі працягу па Нямеччыне — Nel у Нідэрлянды і Opal у Чэхію. Opal падпарадкоўваецца трэцяму энэргапакету ЭЗ, згодна зь якім расейскі «Газпром» можа прэтэндаваць толькі на палову магутнасьці газаправоду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ангела Мэркель паспрабавала запэўніць Украіну, што завяршэньне «Паўночнага патоку – 2» ня зьменіць яе транзытнага статусу- У 2016 годзе Эўракамісія дазволіла «Газпрому» ўдзельнічаць у аўкцыёнах яшчэ на 30 адсоткаў магутнасьці. Рашэньне аспрэчыла Польшча. У 2019 годзе пазоў быў задаволены. Нямеччына падала апэляцыю.