Савет міністраў памяняў заснавальніка санаторыя «Беларусь» у літоўскіх Друскеніках. Гэта прадугледжана пастановай ураду ад 13 лiпеня 2021 года № 398, якой уносяцца зьмены ў статут Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні насельніцтва.
Цяпер, згодна з пастановай, «цэнтар выконвае функцыі заснавальніка ў дачыненьні да грамадзкай установы «Санаторый „Беларусь“, Літоўская Рэспубліка, г. Друскенікі, вул. Майрон, 2».
Цэнтар атрымаў права «прымаць ва ўстаноўленым парадку рашэньні аб рэарганізацыі і ліквідацыі санаторыя «Беларусь».
Раней санаторый знаходзіўся ў падпарадкаваньні Галоўнага гаспадарчага ўпраўлентня кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. У канцы 2020 года Эўразьвяз увёў у дачыненьні да яго санкцыі. З-за гэтага банк Swedbank заблякаваў рахункі санаторыя.
Іх размарозілі пасьля таго, як у чэрвені з пасады кіраўніка справамі Лукашэнкі сышоў Віктар Шэйман. Ён быў унесены ў сьпіс пэрсанальных санкцый ЭЗ яшчэ дзесяць гадоў таму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рахункі санаторыя «Беларусь» у Друскеніках, які раней трапіў пад санкцыі, разблякавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік санаторыю «Беларусь» у Друскеніках: больш няма прычын не даваць нам працаваць