Суд у Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны прызнаў вінаватым кіроўцу мікрааўтобуса, які 20 ліпеня 2018 году ўрэзаўся ў грузавік, што стаяў на адэскай трасе каля мястэчка Крывое Возера з парушэньнямі правіл аварыйнага прыпынку.
Тады ў дарожна-транспартным здарэньні загінулі сам кіроўца і яшчэ чацьвёра пасажыраў, а 12 — атрымалі розныя траўмы, трое зь іх былі шпіталізаваныя ў мясцовыя лякарні. Усе грамадзяне Беларусі.
Суд таксама пастанавіў закрыць справу ў сувязі са сьмерцю вінаватага ў аварыі. Усе выдаткі за правядзеньне экспэртыз у гэтай справе будуць кампэнсаваныя за кошт дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Езьдзілі на мора, нам заплацілі па 30 даляраў». Чаму маўчаць пацярпелыя ў аварыі беларусы?Пасьля сьмяротнага ДТЗ дзевяць пацярпелых пасажыраў былі перавезеныя ў Гомель дзеля далейшай мэдычнай дапамогі. Некаторыя зь іх расказалі Радыё Свабода, што паездка для іх была бясплатнай. Магчыма, гэта была «шэрая схема» ўвозу эўрапейскіх аўтамабіляў на тэрыторыю Ўкраіны.