Дата дня
15 ліпеня 1876 году нарадзілася Алаіза Пашкевіч (Цётка), паэтка, палітэмігрантка, дзяячка нацыянальна-вызвольнага й сацыялістычнага руху пач. ХХ ст.
У беларускай літаратуры няма Дзядзькі, а вось Цётка — ёсьць.
Гэта яшчэ раз па-свойму падкрэсьлівае выбітную ролю нашых жанчын у лёсе Бацькаўшчыны ад часоў Полацкага княства.
Алаіза Пашкевіч, якая ўзяла сабе такі цёплы псэўданім, безумоўна, застанецца ў гісторыі самай знакамітай і яркай дзяячкаю нацыянальнага Адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя.
Яна пачала пісаць пад уплывам Францішка Багушэвіча і пазьней, у прадмове да сваёй «Скрыпкі...», згадвала аўтара «Дудкі беларускай» зь незвычайнай цеплынёю: «Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсьць і слава тваему слову! А ты, „дудка“, грай і мне голас дай...»
У пражытыя ёю сорак гадоў зьмясьцілася б, здаецца, некалькі доўгіх жыцьцяў.
Яна стварала з аднадумцамі Беларускую Сацыялістычную Грамаду.
Бліскуча выступала на мітынгах і сходах, а сваю віленскую кватэру зрабіла месцам сустрэчаў беларускіх інтэлектуалаў.
Фэльчарка й сястра міласэрнасьці, Алаіза трымала ў сутарэньнях лякарні шапірограф, на якім у 1905-м быў памножаны ейны верш «Вера беларуса»:
Веру, братцы, ў нашу сілу, Веру ў волі нашай гарт: Чую агонь у нас — ня брыну, Бачу, братцы, мы ня з карт, Мы ня з гіпсу, мы — з каменьня, Мы — з жалеза, мы — са сталі, Нас кавалі у пламеньні, Каб мацнейшымі мы сталі...
Шэсьць гадоў палітычнай эміграцыі яна скарыстала на вывучэньне філязофіі, гісторыі й філялёгіі ў Львоўскім і Кракаўскім унівэрсытэтах.
Тамсама, у Аўстра-Вугоршчыне, у Жоўкве пад Львовам, выдала два зборнікі — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», якія сталі клясыкай.
Яна вандравала па Італіі, Нямеччыне, Фінляндыі й Швэцыі.
Была аўтаркаю «Нашай Долі» і «Нашай Нівы» й акторкаю ў беларускай трупе Буйніцкага.
Засноўвала падпольныя беларускія школкі і першы беларускі часопіс для дзяцей і падлеткаў «Лучынка».
Яе душа бясконца прагнула вышыні й свабоды.
Арлы-брацьці, дайце скрыдлы, Бо унізе жыць мне збрыдла, Кіньце кожны адно пёрка, Бо жыць ўнізе стала горка...
Арлы ці анёлы скінулі ёй пёркі ў 1916-м, калі Цётка, лекуючы землякоў ад тыфу, не ўратавалася сама.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 108–109.
Таксама ў гэты дзень
1099 — узяцьце Ерусаліму крыжакамі.
1410 — аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы здабыла перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам.
У гэты дзень нарадзіліся
1606 — Рэмбрант Гармэнзан ван Рэйн, галяндзкі мастак.
1900 — Уладзімер Дубоўка, паэт і перакладчык, вязень ГУЛАГу.
У валагодзкай перасыльнай турме Дубоўка напісаў «Песьні беларускіх выгнанцаў», якія сталіся гімнам нашых палітзьняволеных:
Ніколі й нідзе Беларусь не загіне, Ніколі й нідзе Беларусь не памрэ. Ні ў турмах, ні ў концах, ні ў клятых краінах, Ні ў дзікім прыгоне, ў маскальскім ярме!..
Але сталінскія часы ўсё ж пасялілі ў душы паэта ўчэпісты страх. Вярнуўшыся ў 1958-м з высылкі, ён застаўся ў Маскве. Старэйшыя калегі, якія пераведвалі Дубоўку, апавядалі: ён і на схіле дзён мог прапанаваць тост за таварыша Брэжнева і захоўваў валізку зь сібірскім сталярскім інструмэнтам, маўляў, можа зноў спатрэбіцца.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 306–307.
1930 — Жак Дэрыда, францускі філёзаф.
У памяці
1904 — Антон Чэхаў, расейскі пісьменьнік.
2009 — Натальля Эстэмірава, чачэнская журналістка і праваабаронца (забітая).