14 ліпеня беларускія ўлады ўчынілі ператрусы ў праваабарончых і грамадзкіх арганізацыях. Сілавікі прыйшлі ў офісы і кватэры «Вясны», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, руху «За свабоду», аб’яднаньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы» і іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыліся ператрусы ў офісах прынамсі 19 няўрадавых арганізацый. Больш за дзясятак пацьверджаных затрыманьняў па крымінальных справах. СьпісыПасьля ператрусаў затрыманыя сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна»: віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Ўладзімер Лабковіч, Сяргей Сыс, Віктар Сазонаў, Алег Мацкевіч, Алена Лапцёнак, Ігар Казьмерчак, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда, праваабаронца Яўгенія Бабаева. Ад раніцы няма сувязі са старшынём арганізацыі Алесем Бяляцкім.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з заявай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маша-тэрарыстка — гэта нонсэнс». Хто такая Марыя Вайтовіч, якую затрымалі ў Бараўлянах«Любы ціск і перасьлед за ажыцьцяўленьне праваабарончай дзейнасьці зьяўляецца палітычна матываваным перасьледам, які мае на мэце зьнішчэньне нашай арганізацыі і ў цэлым — свабоды асацыяцый у Беларусі. Мы перакананыя: сапраўдным матывам перасьледу ёсьць наша агульная з усёй праваабарончай супольнасьцю бескампрамісная барацьба за зацьвярджэньне і прасоўваньне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасьцяў, супраць катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, а таксама нашы дзеяньні ў абарону права на свабоду выказваньня меркаваньняў і мірных сходаў — у тым ліку ва ўмовах глыбокага крызісу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў-2020», — адзначаецца ў заяве.
Праваабаронцы выказалі пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненьні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў цэлым і заявілі, што ня спыняць сваёй дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра пагром няўрадавых арганізацый: «Рэжым хавае адсутнасьць кантролю ў гвалце і беззаконьні»Акрамя затрыманых падчас пагрому 14 ліпеня, «Вясна» запатрабавала вызваліць з-пад варты арыштаваных раней сябраў арганізацыі — Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку, Тацяну Ласіцу.
Праваабаронцы заклікалі міжнародныя арганізацыі выказаць рашучы пратэст супраць грубага парушэньня правоў чалавека і перасьледу праваабаронцаў у Беларусі.