Законы на выпадак гвалтоўнай сьмерці Лукашэнкі прызналі адпаведнымі Канстытуцыі

Плякат у руках пратэстоўца супраць рэжыму Лукашэнкі, ілюстрацыйнае фота

Рашэньне Канстытуцыйнага суду, якое тычыцца закону «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу», апублікавалі 14 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

«Канстытуцыйны суд лічыць, што закон паводле зьместу нормаў, формы акту, разьмежаваньні кампэтэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцьця адпавядае Канстытуцыі», — гаворыцца ў тэксьце рашэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла законы на выпадак гібелі Лукашэнкі

Удакладняецца, што канстытуцыйнасьць закону была разгледжана «у адкрытым судовым пасяджэньні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю».

Закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу» прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі 25 чэрвеня і пададзены на подпіс Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў законы аб абароне канстытуцыйнага ладу, якія ініцыяваў Лукашэнка

Сярод іншага, на падставе новага закону ўнесілі зьмены ў іншыя заканадаўчыя акты: «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы».