Як адзначаецца ў выраку, апублікаваным у Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны, грамадзянін Украіны быў затрыманы сёлета 22 лютага на мытным пасту ў Новых Ярылавічах (Чарнігаўская вобласьць). У выраку прозьвішча асуджанага не пазначаецца, згодна з законам аб абароне пэрсанальнай інфармацыі. Таксама адсутнічае інфармацыя аб адвакаце, які суправаджаў справу, прадстаўляючы ў судзе інтарэсы ўкраінца.
Як прызнаўся ўкраінец у часе дасудовага расьсьледаваньня і судовых слуханьняў, выбуховыя рэчывы ён набыў 18 лютага, за чатыры дні да плянаванай паездкі ў Беларусь, за 1,5 тысячы грыўняў (амаль 55 даляраў у эквіваленце) на рынку ў Прылуках — у гэтым горадзе Чарнігаўскай вобласьці ён нарадзіўся. Потым гэтыя рэчывы ён перасыпаў у два палімерныя слоікі з-пад угнаеньняў, а 22 лютага ў Кіеве сеў у аўтобус Адэса — Менск, каб даехаць да Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая ўлада ніколі ня дасьць людзям у рукі зброі», — вайсковы экспэртУкраінец паведаміў, што ў Гомлі мусіў перадаць выбуховыя рэчывы свайму знаёмаму, на заказ якога ён і купіў іх на рынку ў Прылуках. Прозьвішча гэтага знаёмага, які пражывае ў Гомлі, украінец не назваў — ні сьледчым, ні на судзе.
У сакавіку экспэртыза пацьвердзіла, што канфіскаваны парашок вагой 938,1 грама зьяўляецца выбуховым рэчывам кідальнага дзеяньня — бяздымны порах выкарыстоўваецца ў асноўным як кідальны зарад для розных відаў агнястрэльнай зброі. Паводле экспэртаў, гэты парашок лёгка ператвараецца ў выбухоўку.
Улічваючы, што ўкраінец прызнаў сваю віну, шчыра пакаяўся і паабяцаў больш ніколі гэтага не рабіць, суд палічыў магчымым прызначыць яму больш мяккае пакараньне з выпрабавальным тэрмінам без ізаляцыі ад грамадзтва.
Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні 2020 году заявіў, што з Украіны нібыта наладжаныя каналы пастаўкі зброі. На гэтых заявах грунтуецца шэраг абвінавачаньняў датычна некалькіх затрыманых, у тым ліку і былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча.
У сакавіку 2021 году затрымалі амэрыканскага адваката, грамадзяніна Беларусі і ЗША, Юрася Зянковіча, старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, літаратуразнаўцу і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту. Афіцыйныя СМІ, расказваючы пра іхную справу, таксама акцэнтуюць на іхнай сувязі з нібыта «украінскімі нацыяналістамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі абверглі заяву Лукашэнкі пра «велізарную колькасьць зброі»