Камітэт дзяржаўнай бясьпекі завёў крымінальную справу «па факце спробы падпалу» дома дэпутата Палаты прадстаўнікоў, старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча.
Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства. Справу распачалі «па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 289 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (Акт тэрарызму)».
11 ліпеня старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч заявіў, што ў яго дом кінулі бутэлькі з запальнай сумесьсю.
«Ноччу ў мой дом, дзе жывуць мае дзеці, кінулі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю! Першая бутэлька выбухнула! Па шчасьлівай выпадковасьці ніхто не пацярпеў! Перакананы, мы знойдзем вінаватых. Вось такую дэмакратыю нам рыхтуюць», — напісаў Гайдукевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку вечарам 11 ліпеня.
Пазьней Гайдукевіч напісаў у фэйсбуку, што сьледча-апэратыўная група знайшла яшчэ адну, трэцюю бутэльку з запальнай сумесьсю. Выбухнула, паводле Гайдукевіча, адна бутэлька з трох.
Алег Гайдукевіч — прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, падчас выбараў 2020 году вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты, але зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Гайдукевіч заявіў, што ў яго дом кінулі тры бутэлькі з запальнай сумесьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто ў чацьвёртым пакеце санкцыяў Эўразьвязу. Поўны сьпіс ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў пачала працу над законапраектам аб замежных агентах, — Гайдукевіч