11 ліпеня ў першай палове дня затрымалі Руслана Аліскерава. Спачатку людзі ў цывільным, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, хацелі пагаварыць з жонкай Руслана, якой у той час не было дома. Тады яны сышлі, але неўзабаве вярнуліся, каб затрымаць Руслана. 12 ліпеня яго судзілі паводле часткі 2 артыкулу 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Палеская Вясна».
Але ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні, які склаў старшы ўчастковы інспэктар міліцыі маёр Андрэй Аскерка, пра распаўсюд не гаварылася. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Град. Зачытаўшы пратакол, ён абвясьціў, што адміністрацыйная справа вяртаецца ў РАУС на выдаленьне дапушчаных хібаў, бо апісаньне правапарушэньня не адпавядае дыспазыцыі артыкулу 19.11 КаАП, які ставіцца ў віну Аліскераву. Руслана вызвалілі ў судовай залі.
Пасьля вызваленьня Аліскераў расказаў, што яго да вечара пратрымалі ў КДБ. Пыталіся пра тое, ці знаходзіцца ён у суполках «Буслы ляцяць» і «ОГСБ», а потым знайшлі паведамленьне, якое ён перапосьціў у чат «Общество адекватных людей». Ад затрыманьня і да самага суду яму не давалі есьці.
Праваабаронцам стала вядома, што ў ІЧУ 11 ліпеня ўвечары прывезьлі яшчэ трох чалавек, якіх абвінавачваюць у нейкіх «палітычных» правапарушэньнях ці злачынствах. Яшчэ адзін чалавек знаходзіцца ў ІЧУ ўжо каля тыдня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ліставаньне з палітвязьнямі — новая форма беларускага «тэрарызму»?Толькі 12 ліпеня праваабаронцам стала вядома, што яшчэ 10 ліпеня ў Мазыры затрымалі Антона Кошчанку з Калінкавічаў, які жыў у Мазыры ў інтэрнаце. У яго ў пакоі вісеў нацыянальны сьцяг. Амаль тры дні бацька Антона ня мог знайсьці, дзе ягоны сын. Толькі калі 12 ліпеня бацька напісаў заяву ў пракуратуру, яму паведамілі, што Антона КДБ адправіў у СІЗА-3 у Гомель.
12 ліпеня ператрусы прайшлі як мінімум у шасьці кватэрах мазырчукоў. Людзі расказалі праваабаронцам, што пастановы на ператрусы выносілі гомельскія сьледчыя. Праводзіліся яны ў межах справы паводле арт. 289 («Акт тэрарызму»), але імёны людзей невядомыя. Людзей пасьля ператрусаў забіралі ў РАУС для апытаньня, падчас якога цікавіліся суполкай «ОГСБ». У некаторых сілавікі хацелі ўзяць аналіз біялягічнага матэрыялу, але людзі адмаўляліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: за чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах у Беларусі асудзілі 125 чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнік «чату радыкальнай скіраванасьці» ўцёк зь Беларусі і расказаў, як здымаўся у пакаяльным відэа