Эўразьвяз абвясьціў аб тэрміновым умяшаньні ў сытуацыю зь мігрантамі зь Беларусі

Літва пачала будаваць агароджу на мяжы зь Беларусьсю, каб стрымаць нерэгулярных мігрантаў

Агенцтва Эўрапейскага Зьвязу па бясьпецы зьнешніх межаў Frontex абвясьціла аб тэрміновым умяшаньні ў сытуацыю ў Літве з прычыны прытоку мігрантаў з боку Беларусі. Агенцтва накіроўвае ў Літву дадатковую групу супрацоўнікаў, патрульных машын і экспэртаў .

Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі ад 12 ліпеня дапамогуць ахоўваць усходнюю мяжу з прычыны наплыву мігрантаў. На літоўска-беларускую мяжу накіруюць гелікоптэр з Польшчы.

Падтрымліваць памежнікаў Латвіі дзень і ноч будуць 24 зэмэссаргі (нацыянальныя гвардзейцы), а таксама ад 6 да 12 транспартных сродкаў, паведамляе ТАСС.

Памежная служба Эўразьвязу абавязваецца ў найбліжэйшыя дні «значна» узмацніць падтрымку Літвы «з прычыны нарастаньня міграцыйнага ціску на мяжы Літвы зь Беларусьсю», перадае Frontex.

Рашэньне агенцтва Frontex, якое адказвае за каардынацыю памежнага кантролю паміж дзяржавамі – сябрамі ЭЗ і трэцімі краінамі, абвясьцілі позна 10 ліпеня пасьля відэазвароту выканаўчага дырэктара Frontex Фабрычэ Леджэры і прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы.

«Мяжа Літвы — гэта нашая агульная вонкавая мяжа, і Frontex гатовы дапамагчы там, дзе гэта неабходна. Мы гатовыя ўзмацніць узровень падтрымкі і накіраваць больш афіцэраў і тэхнікі эўрапейскага пастаяннага корпусу ў Літву», — гаворыцца ў заяве Леджэры.

Апэрацыя Frontex пачалася ў пачатку гэтага месяца з дысьлякацыі каля дзясятка афіцэраў і патрульных машын. Іх колькасьць неўзабаве павялічыцца больш чым удвая. Узмацненьне павінна прыбыць у Літву да 15 ліпеня. У выходныя ўжо прыбылі некаторыя ўзброеныя памежныя патрулі і дадатковыя перакладчыкі.

Да таго ж у Літву з суседняй Польшчы адправяць патрульны гелікоптэр, ідуць перамовы пра адпраўку яшчэ аднаго гелікоптэра зь Нямеччыны, паведамілі ў офісе Наўседы.

Наўседа падчас візыту ў Польшчу 11 ліпеня сказаў, што «неабходны тэхнічныя крокі, каб мяжа працавала і стала сапраўдным бар’ерам, бо цяпер яе можна лёгка перайсьці».

Паводле Наўседы, Літва размаўляе з урадамі краін, адкуль паходзяць мігранты, а таксама з такімі транзытнымі краінамі, як Турэччына, каб «спыніць працэс (міграцыі), які падтрымлівае беларускі рэжым».

«Гэта свайго роду помста за санкцыі ЭЗ», — выказаў думку Наўседа ў Кракаве па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Дуда сказаў, што Польшча «акажа неабходную дапамогу» Літве.

Літва таксама ўзмоцніць кантроль на мяжы з Польшчай.

«Гаворка ідзе пра маніторынг мяжы, блякаваньне лясных дарог і шляхоў і выбарачны кантроль за падарожнікамі на літоўска-польскай мяжы», — сказаў Рустамас Любаевас, кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы.

Літва абвінавачвае Беларусь у арганізацыі перасячэньня мяжы людзьмі ў асноўным зь Іраку, Блізкага Ўсходу і Афрыкі. У чэрвені колькасьць незаконных пераходаў мяжы зь Беларусі ў Літву вырасла ў 6 разоў. За апошнія два месяцы ў Літву зь Беларусі перабралася больш за 1500 чалавек — у 20 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Транзытныя мігранты зь Беларусі ў Літву — супольны партрэт

Напружанасьць паміж ЭЗ і Беларусьсю ўзмацнілася пасьля таго, як 23 траўня ў Беларусі пасадзілі пасажырскі самалёт Ryanair і арыштавалі блогера Рамана Пратасевіча.

9 ліпеня Літва пачала будаваць падвойную калючую агароджу на мяжы зь Беларусьсю. Яна працягнецца на 550 кілямэтраў і ахопіць большую частку мяжы, якая займае 680 кілямэтраў. Агароджа абыдзецца ў 41 мільён эўра.

Літва таксама стварыла намётавыя мястэчкі на мяжы для разьмяшчэньня мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 60 мігрантаў зь Беларусі. У Вільні прапанавалі новыя санкцыі ў адказ