Удзельнікі акцый патрабавалі свабоды, дэмакратыі і больш рашучых дзеяньняў уладаў у барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Людзі скандавалі антыўрадавыя лёзунгі і агучвалі разнаплянавыя патрабаваньні: забясьпечыць насельніцтва вакцынамі ад каранавірусу і пакласьці канец штодзённым адключэньням электрычнасьці.
Транспартныя сродкі сілаў бясьпекі з супрацоўнікамі, узброенымі аўтаматамі, патрулявалі вуліцы. Як паведамляе агенцтва France Press, сярод лёзунгаў дэманстрантаў — «Далоў дыктатуру» і «Мы не баімся».
Паводле агенцтва Reuters, у Гаване заўважылі аўтамабілі сілавых ведамстваў, абсталяваныя кулямётамі.
Людзі «пратэстуюць супраць крызісу, супраць таго, што няма ні харчоў, ні лекаў, усё даводзіцца купляць у валютных крамах, гэты спіс можна працягваць і працягваць», заявіла адна з відавочцаў акцыі ў Сант’яга-дэ-Куба на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы краіны.
Як відаць на кадрах з месца падзей у сацсетках, дэманстрацыі праходзілі ў розных гарадах краіны — ад Гаваны да Сант’яга.
Куба адмовілася ад вакцын з Расеі і Кітаю
Як піша DW, Куба адмовілася ад вакцын з Расеі і Кітаю, а таксама ад удзелу ў праграме COVAX, якая дапамагае краінам зь нізкімі даходамі атрымліваць прэпараты.
Цэнтар геннай інжынэрыі і біятэхналёгіі Кубы (CIGB) распрацаваў уласную вакцыну супраць COVID-19 пад назвай Abdala.
За апошні дзень у краіне зарэгістравалі рэкордную колькасьць новых выпадкаў COVID-19. Людзі патрабуюць ад уладаў паскорыць тэмпы вакцынацыі.
Рэакцыя ўладаў
Антыўрадавыя дэманстрацыі — вялікая рэдкасьць для Кубы. Апошнія падобныя выступы адбыліся амаль 30 гадоў таму.
Прэзыдэнт Мігель Дыяс-Канэль абвінаваціў ЗША і «кубіна-амэрыканскую мафію» ў падаграваньні абстаноўкі на востраве. Дыяс-Канэль заклікаў камуністаў выходзіць на вуліцы і даваць адпор пратэстоўцам. Паводле яго, прыйшоў час абараніць рэвалюцыю.
«Мы гатовыя аддаць сваё жыцьцё. Ім трэба пераступіць праз нашы трупы, калі яны хочуць сустрэцца з рэвалюцыяй. Мы гатовыя да ўсяго і будзем біцца на вуліцах», — заявіў Дыяс-Канэль у эфіры дзяржаўнай тэлевізіі.
Рэакцыя ЗША
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван выказаў падтрымку пратэстоўцам.
«ЗША падтрымліваюць свабоду выказваньня і сходаў на Кубе і будуць асуджаць любы гвалту або напад на мірных пратэстоўцаў, якія ажыцьцяўляюць свае ўсеагульныя правы», — гаворыцца ў заяве Салівана, апублікаванай у «Твітэры».
- Мігель Дыяс-Канэль зьмяніў Рауля Кастра на пасадзе сакратара ЦК КПК.
- У красавіку, прэзыдэнт Мігель Дыяс-Канэль быў абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэту (ЦК) Камуністычнай партыі Кубы (КПК) замест 89-гадовага на той момант Рауля Кастра.
- Кастра абвясьціў аб адстаўцы з пасады кіраўніка Кампартыі Кубы на партыйным зьездзе ў Гаване 16 красавіка. Ён сказаў, што пакідае кіраўніцтва краінай «добра падрыхтаваным партыйным дзеячам», якія «будуць гарантаваць пераемнасьць ідэй Кубінскай рэвалюцыі 1959 году».