Англія ці Італія. На стадыёне «Ўэмблі» вызначыцца пераможца Эўра-2020

Заўзятары зборнай Англіі

11 ліпеня а 22-й гадзіне паводле менскага часу на лёнданскім стадыёне «Уэмблі» пройдзе фінальны матч за тытул футбольнага чэмпіёна Эўропы-2020 (праз пандэмію спаборніцтвы адклалі на год).

У вырашальным паядынку сыйдуцца зборныя Англіі і Італіі. Гэтай гульнёй завершыцца месяцовы футбольны маратон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра футбольны чэмпіянат Эўропы

Ангельскія футбалісты (як і заўзятары) з улікам хатніх сьценаў звышматываваныя — дагэтуль яны ніколі не выйгравалі кантынэнтальнага першынства.

Дый наогул цэлых 55 гадоў ад моманту трыюмфу на чэмпіянаце сьвету 1966 году, які прымала Вялікая Брытанія, ім не ўдавалася прабіцца ў фінал буйнога турніру.

Ангельцы адзначаюць рэалізаваны момант у матчы з камандай Даніі 7 ліпеня

Італія ў фінале чэмпінату Эўропу гуляла ў 2012 годзе, дзе прайграла Гішпаніі, а чэмпіёнскае званьне здабыла таксама вельмі даўно — ажно ў 1968 годзе.

За фінальным матчам у Лёндане будуць назіраць больш за 60 000 заўзятараў, пераважна зборнай Англіі.