«Дзеяньні Лукашэнкі — гэта замах на нашу тэрытарыяльную цэласнасьць. Украіна павінна завесьці крымінальную справу супраць дыктатара за супрацу з тэрарыстамі. Апроч таго, трэба ўзмацняць ціск, санкцыйны і эканамічны», — заявіў Аляксей Ганчарэнка.
У Офісе генэральнага пракурора пацьвердзілі, што пачалі праверку фактаў, выкладзеных у дэпутацкім звароце, «пра магчымае садзейнічаньне Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам тэрарыстычнай арганізацыі „Луганская народная рэспубліка“». Адпаведны ліст, падпісаны намесьнікам генэральнага пракурора Аляксеем Сіманенкам, абнародаваў Аляксей Ганчарэнка.
Праверка будзе працягвацца 30 дзён.
У чэрвені дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны зьвярнуліся са зваротам да генэральнага пракурора Ўкраіны Ірыны Венядзіктавай, у якім патрабавалі завесьці крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі паводле факту прызнаньня так званых «ЛНР» і «ДНР», якія ўкраінскі парлямэнт прызнаў тэрарыстычнымі арганізацыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пераступіў праз чырвоную лінію». Ва Ўкраіне патрабуюць завесьці крымінальную справу супраць ЛукашэнкіПадставай для таго звароту стала інфармацыя пра нібыта супрацу сьледчых органаў Беларусі з гэтак званай «пракуратурай ЛНР» у справе журналіста Рамана Пратасевіча, затрыманага 23 траўня ў Менску пры дапамозе прымусовай пасадкі лайнэра Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
Зварот падтрымалі прадстаўнікі усіх дэпутацкіх фракцый украінскага парлямэнту, за выключэньнем «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“», якія лічаць Аляксандра Лукашэнку дзейным прэзыдэнтам.