Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» атрымала ліст Міністэрства юстыцыі з паведамленьнем аб правядзеньні «кантрольных мерапрыемстваў па вывучэньні дзейнасьці на прадмет адпаведнасьці патрабаваньням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статуту».
Як удакладняецца на сайце арганізацыі, дакумэнты за апошнія 3,5 года, пералік назваў якіх займае тры старонкі, неабходна падрыхтаваць да 13 ліпеня.
Асноўная частка тычыцца працы выбарных органаў Згуртаваньня, але ёсьць і такі пункт: «документы, касающиеся организации МОО ЗБС „Бацькаўшчына“ школ, курсов по изучению белорусского языка, культуры и истории Беларуси». Пэўна, гаворка пра адну з мэтаў, замацаваных статутам: «спрыяньне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб'яднаньне «Бацькаўшчына» пра 2021 год: «Лёсавызначальны пэрыяд, ад вынікаў якога залежыць наша будучыня»Раней пазаплянавая праверка з боку Міністэрства юстыцыі пачалася ў дачыненьні да іншых грамадзкіх арганізацый — Беларускага ПЭН-Цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў, аб’яднаньняў «Экадом», «Зьвяно», руху «За свабоду».
Паводле інфармацыі «Беларускай асацыяцыі журналістаў», міністэрства праводзіць праверку ў грамадзкім аб'яднаньні «Трэці сэктар». «Запатрабавалі тысячы дакумэнтаў. Мы атрымалі таксама пісьмовае папярэджаньне», — кажа заснавальнік арганізацыі Вітаўт Руднік.
Арганізацыя «Трэці сэктар» зьявілася ў 1997 годзе. Яна займаецца інфармацыйнай падтрымкай грамадзкіх ініцыятыў, адукацыяй у сфэры журналістыкі, разьвіцьцём лякальных супольнасьцяў і сацыяльнай анімацыяй, а таксама праектамі ў сфэры культуры і спадчыны.
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» заснавана ў 1990 годзе, сёлета ў сьнежні будзе 30 гадоў з даты афіцыйнага пачатку дзейнасьці.
Супрацоўнічае зь беларускай дыяспарай больш як у 20 краінах сьвету, спрыяе захаваньню гісторыі і набыткаў беларусаў замежжа, наладжваньню сувязяў паміж Беларусьсю і яе суайчыннікамі.
Дзякуючы шматгадовым захадам арганізацыі ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі распачало маштабную праверку аб’яднаньня «Экадом»«Бацькаўшчына» неаднаразова выходзіла з прапановамі ў дзяржаўную праграму і іншыя заканадаўчыя акты наконт наладжваньня эфэктыўнага супрацоўніцтва зь беларускім замежжам і выкарыстаньня яго патэнцыялу ў разьвіцьці краіны. Значныя кірункі дзейнасьці — зьезды беларусаў сьвету, а таксама навукова-дасьледчая дзейнасьць.
У сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» пабачылі сьвет больш за паўсотні кніг, прысьвечаных жыцьцю і дзейнасьці беларусаў замежжа.