Украінскага грамадзяніна, якога 3 ліпеня затрымалі ў Століне, адпусьцілі

Ілюстрацыйнае фота

24-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Паўла Рабешку 3 ліпеня затрымалі беларускія сілавікі. МЗС Украіны паведаміў аб вызваленьні хлопца.

Украінца Паўла Рабешку, які мае від на жыхарства ў Беларусі, затрымалі 3 ліпеня каля 17 гадзін у Століне.

Паводле Праваабарончага цэнту «Вясна», у той дзень па месцы жыхарства хлопца пяць сілавікоў правялі ператрус. Пасьля гэтага ў Паўла канфіскавалі тэлефон, а яго самога завезьлі ў невядомым кірунку. Прычына затрыманьня заставалася невядомай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымлівалі людзей і ў дзяржаўнае сьвята 3 ліпеня

Пра вызваленьне Паўла Рабешкі стала вядома вечарам 6 ліпеня. Гэтую інфармацыю «Укрінформу» расказаў прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка.

«Паводле інфармацыі амбасады Ўкраіны ў Беларусі, украінскі грамадзянін Паўло Рабешка, якога 3 ліпеня затрымалі беларускія праваахоўнікі, быў вызвалены на наступны дзень», — адзначыў Ніколенка.

Па словах прэс-сакратара МЗС Украіны, Рабешка знаходзіцца на сувязі з украінскімі дыпляматамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правяраюць заяву Ягора Дуднікава аб зьбіцьці падчас затрыманьня